У Іванаве затрымалі жанчыну, якая гучна падпявала ўкраінскай песні

Затрыманая жыхарка Іванава / Скрыншот з відэа сілавікоў

Затрыманая жыхарка Іванава / Скрыншот з відэа сілавікоў

У Іванаве сілавікі затрымалі мясцовую жыхарку, якая слухала дома песню "Україна понад усе!" і гучна падпявала. У тэлеграм-канале, звязаным з ГУБАЗ, з'явілася яе "пакаяннае відэа". Сілавікі кажуць, што падставай зрабілася ненарматыўная лексіка, якая ёсць у песні.

Раней у прапагандысцкіх каналах з'явілася відэа з Іванава, дзе ў кадры быў двухпавярховы цагляны дом. Вокны былі адчыненыя, грала песня "Україна понад усе!" выканаўцы Liana Brooks. Ёй падпяваў жаночы голас: "Это наша земля, наша родная мать. Владимир Александрович Зеленский, е*****е [бейте — ред.] бл*** [блин — ред.]". Сілавікі вылічылі адрас і прыехалі да гаспадыні дома і абвінавацілі яе ў "парушэнні грамадскага парадку і спакою грамадзян". Жанчыне 44 гады.

"У ліпені слухала гучна музыку. Калі зайграла песня "Україна понад усе!", я пачала гучна падпяваць. Я не падумала, што гэта перашкаджае камусьці. Прашу прабачэння ва ўсіх, каму гэта не спадабалася. Надалей такога не паўторыцца", — кажа жанчына на "пакаянным відэа". Далей яна паспрабавала сказаць, што "ў нас усё спакойна, што наш Аляксандр Рыгоравіч...", але расплакалася. Потым дадала, што перажывае за Украіну, бо там знаходзіцца яе сужыцель. "Адбывае пакаранне за забойства. Проста адпусціце", — папрасіла жанчына, але яе адправілі ў суд, які прызначыў арышт.

На відэа затрыманую таксама прымусілі праспяваць гімн Беларусі. Яна выканала яго на беларускай мове, але не да канца. Яе загадалі вывучыць гімн, і дадалі, што "потым прыйдзем — праверым". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі