У цэрквах і гатэлях Шры-Ланкі прагрымелі выбухі — болей за 200 загінулых
У каталіцкіх храмах і гатэлях Шры-Ланкі на Вялікдзень прагрымела 8 выбухаў, паведамляе Бі-Бі-Сі. Паводле ўладаў краіны, большасць атакаў здзяйснялі тэрарысты-смяротнікі, у выніку загінула болей за 200 чалавек, яшчэ болей за 400 атрымалі раненні.
Падчас аперацыі па затрыманні падазраваных было забіта трое паліцыянтаў. Абвешчаная бестэрміновая каменданцкая гадзіна. Таксама заблакаваныя ўсе буйныя сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-месенджары. Гэта патлумачылі недапушчэннем распаўсюду недакладнай і няправільнай інфармацыі.
Серыя выбухаў адбылася ў храмах і гатэлях у розных гарадах, акурат у дзень, калі большасць хрысціянскіх канфесіяў адзначае Уваскрэсенне Хрыстова. Сярод загінулых — сама меней 9 замежнікаў. Іх грамадзянства высвятляецца.
Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за напад, аднак міністэрства абароны сцвярджае, што ўлады ведаюць арганізатараў.
Хрысціяне на Шры-Ланцы складаюць каля 7,6%. Тут пераважаюць будысты (70%), значны адсотак індуістаў (12,6%) і 9,7% мусульманаў. Хрысціяне спавядаюць пераважна каталіцызм.
У 2014 годзе лідары ісламскай супольнасці папярэджвалі ўрад пра верагоднасць радыкалізацыі мусульманаў пры падтрымцы міжнародных ісламісцкіх груповак. Пазне стала вядома, што выхадцы з адукаваных мусульманскіх сем’яў сталі прымыкаць да “Ісламскай дзяржавы” ў Сірыі.