У Казахстане за незаконны гандаль нафтай на 17 гадоў зняволення асуджаны беларус

У Казахстане за незаконны гандаль нафтай на 17 гадоў зняволення асуджаны беларус

У Казахстане за незаконны гандаль нафтай пад выглядам сумесі нафтапрадуктаў на 17 гадоў зняволення асуджаны беларус Сяргей Кунцэвіч, намеснік дырэктара казахстанскай кампаніі Inter Oil Export. Прысуд у Актобэ быў агучаны яшчэ ў снежні 2018-га. Сваякі Сяргея Кунцэвіча шукаюць падтрымкі ў беларускіх дыпламатаў, інфармуе партал tut.by.

Кунцэвіч з'ехаў у Казахстан дзесяць гадоў таму, калі яму было 35. Пачаў займацца бізнесам. Аднак у снежні 2016-га казахстанскія сілавікі прыцягнулі яго ў якасці сведкі па справе аб крадзяжы нафты арганізаванай злачыннай групоўкай "Чатыры браты". Пасля беларуса затрымалі. Ён, нібыта, дапамагаў збываць у Кыргызстан скрадзеную групоўкай нафту. Там яе набываў кітайскі завод.

Расследаванне працягвалася амаль год. Кунцэвіча і групу прадстаўнікоў "Актобэ нафтаперапрацоўкі" следства аб'яднала ў іншую транснацыянальную групоўку. Прычым беларуса назвалі адным з яе кіраўнікоў.

Сяргей Кунцэвіч сваю віну не прызнаў. 29 студзеня будзе разглядацца апеляцыя. Да таго ж спецыялісты даказалі, што не існуе такой нафты, якую, па версіі следства, экспартавалі з Кыргызстан.

Сваякі Кунцэвіча раней не звярталіся па дапамогу ў беларускую амбасаду, паколькі спадзяваліся на справядлівы прысуд. Пасля яго абвяшчэння былі накіраваныя звароты і ў амбасаду, і ў МЗС Беларусі. Сваякі называюць справу "абсалютна замоўнай".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі