У Кіеве прэзентавалі першы дакумент аб гарантыях бяспекі для Украіны
У Кіеве прэзентавалі першы дакумент аб гарантыях бяспекі для Украіны. Гэта — рэкамендацыі па "Кіеўскай дамове аб бяспецы" для стратэгічнага партнёрства Украіны і краін-гарантаў. Дакумент быў прэзентаваны кіраўніком Офіса прэзідэнта Украіны Андрэем Ермаком і былым генсекам NATO Андэрсам Фогам Расмусэнам. Апошні лічыць, што прыняццё рэкамендацый "дасць магутны сігнал Уладзіміру Пуціну... прадэманструе, што... яго вайна бескарысная". Па словах Расмусэна, "гэта дало б сігнал украінскаму народу, што мы аддана падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Украіны столькі, колькі гэта трэба".
Згаданыя рэкамендацыі аб гарантыях бяспекі Украіны прадугледжваюць прадастаўленне Кіеву рэсурсаў для ўтрымання магутных Узброеных сіл, якія здольныя супрацьстаяць расійскай арміі. Таксама ў дакуменце згадваюцца "шматгадовыя стабільныя інвестыцыі ў абаронча-прамысловую базу Украіны", перадача зброі і разведпадтрымка з боку саюзнікаў. Мяркуецца, што гарантыі бяспекі вызначаць абавязацельствы, якія возьмуць на сябе гаранты і Украіна. У асноўную групу краін-гарантаў могуць увайсці ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Польшча, Італія, Германія, Францыя, Аўстралія, Турцыя, а таксама краіны Паўночнай Еўропы, Балтыі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Пакет гарантый утрымлівае прэвентыўныя меры і тыя неадкладныя захады, якія спатрэбяцца ў выпадку ўзнікнення пагрозы для Украіны. Структура дамовы прадугледжвае "паўнавартасны санкцыйны пакет супраць краіны-агрэсара".
Адзначаецца, што гарантыі бяспекі не замяняюць Украіне імкненне ўступіць у NATO.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі высока ацаніў падрыхтаваны дакумент.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.