У краінах ЕС выбіраюць дэпутатаў Еўрапарламенту
25 траўня — асноўны дзень галасавання на выбарах у Еўрапейскі парламент.
Жыхарам краін Еўрасаюза трэба выбраць 751 парламентарыя на бліжэйшыя пяць гадоў. Выбары доўжацца ўжо некалькі дзёў. 22 траўня прагаласавалі грамадзяне Вялікабрытаніі і Нідэрландаў, 23-га — Чэхіі і Ірландыі, 24-га — Італіі, Літвы, Славакіі і Мальты. Сёння галасаванне праходзіць у астатніх 20 краінах Еўрасаюза, інфармуе БелаПАН.
Месцы ў парламенце ЕС размяркоўваюць у залежнасці ад колькасці насельніцтва той ці іншай краіны. Болей за ўсё мандатаў у Нямеччыны (96), а Эстонія, Люксембург, Мальта і Кіпр павінны выбраць толькі па 6 дэпутатаў.
Паводле прагнозаў многіх экспертаў, на гэтых выбарах большасць жыхароў Еўрасаюза аддадуць свае галасы за так званых еўраскептыкаў — прадстаўнікоў ультраправых і ўльтралевых партый.
Вынікі галасавання ў Еўрапарламент будуць абвешчаныя адначасова ў ноч з 25 на 26 траўня.