У Мікалая Статкевіча на мяжы канфіскавалі пыласос і пару кубкаў
У ноч на 12 красавіка на беларуска-польскай мяжы затрымалі аўтамабіль, у якім вяртаўся на радзіму экс-палітвязень Мікалай Статкевіч. Палітык ехаў разам з жонкай, Марынай Адамовіч.
Аўтамабіль затрымалі на памежным пункце ў Бераставіцы, як паведаміў у сацсетках Юрась Адамовіч — сын Марыны Адамовіч.
"Аўтамабіль загналі ў бокс, праводзяць поўны агляд машыны. Нешта "шукаюць". Трымаюць дзве гадзіны, хоць прайшлі поўны кантроль", — напісаў ён. Потым да аўтамабіля выклікалі судовых выканаўцаў, каб правесці агульны вопіс маёмасці.
Як паведамлялася раней, Мікалай Статкевіч адмаўляецца хадзіць у суды за несанкцыяваныя вулічныя акцыі і не плаціць прысуджаныя яму штрафы. Не выключана, што менавіта гэтая акалічнасць і выклікала такі пільны догляд на мяжы.
Праз пару гадзін, па словах Адамовіча, Статкевіча з жонкай прапусцілі ў Беларусь. У іх канфіскавалі аўтамабільны пыласос (падарунак Юрася маці) і пару кубкаў "Белсата".