У мінскіх "Гіпа" прадаюцца ручнікі з "ветлівымі людзьмі"

Ручнікі з "ветлівымі людзьмі", што прадаюцца ў "Гіпа"
Ручнікі з "ветлівымі людзьмі", што прадаюцца ў "Гіпа"

У беларускай гандлёвай сетцы "Гіпа" прадаюцца вафельныя ручнікі з прынтам "ветлівыя людзі". Фота апублікаваў у Facebook адзін з пакупнікоў. Ручнікі з расійскімі трыкалорамі, ордэнамі, прыцэламі, самалётамі і шаўронамі "ветлівыя людзі" з'явіліся на паліцах гіпермаркетаў напярэдадні 23 лютага і каштуюць 1 рубель 99 капеек (крыху менш за долар).

Словамі "ветлівыя людзі" называюць расійскіх вайскоўцаў, якія пяць гадоў таму захапілі ўкраінскі паўвостраў Крым. Праз месяц у Крыме прайшоў рэферэндум аб далучэнні да Расіі, вынікі якога афіцыйна не прызнае большасць дзяржаў свету, у тым ліку і Беларусь.

Пакуль Кіеў лічыць Крым тэрыторыяй, якая знаходзіцца пад расійскай акупацыяй, у Мінску свабодна прадаюцца ручнікі з сімволікай тых, хто гэтую акупацыю ажыццяўляў? За тлумачэннямі тэлефануем вытворцы тавару, кампаніі "Трыдзіал груп".

"Куплялі расійскую тканіну для гэтых ручнікоў. Адшылі. Ні ў каго не ўзнікала пытанняў да прынтоў. Ніхто не тэлефанаваў, не ўдакладняў, — запэўнівае Еўрарадыё спецыяліст па збыце Таццяна. Яна кажа, што на прадпрыемстве не ведалі, што азначае тэрмін "ветлівыя людзі" . — Чаму з'явіліся гэтыя ручнікі, мне складана растлумачыць. Вядома, цяпер адрэагуем. Ручнікі ў крамы больш пастаўляцца не будуць, а тыя, што ёсць, будуць вяртацца. Мы пра гэта клапоцімся".

 

В минских "ГИППО" продаются полотенца с “вежливыми людьми”

Спецыяліст падраздзялення невытворчых тавараў "Гіпа" спачатку ўпэўнена заяўляе, што пад "ветлівымі людзьмі" работнікі сеткі маюць на ўвазе "тое ж, што і ўсе астатнія людзі". Пасля таго як мы ўводзім яе ў курс справы, тон суразмоўніцы змяняецца.

"Гэта, хутчэй, пытанні не да нас, а да пастаўшчыка, — кажа яна. — У нас вельмі шырокі асартымент. Праверыць кожную наменклатуру немагчыма. Калі ў пакупнікоў ёсць пытанні, хай звяртаюцца афіцыйна. Мы разгледзім".

Быццам бы ўсё цывілізавана. Але праз некалькі хвілін у рэдакцыю Еўрарадыё ператэлефаноўвае мужчына, які прадставіўся дырэктарам кампаніі "БелВілесдэн" ( "Гіпа" — яе гандлёвая марка). Ён цікавіцца, што Еўрарадыё мае супраць Расіі, Беларусі, Уладзіміра Пуціна, Аляксандра Лукашэнкі і словазлучэння "ветлівыя людзі" на ручніках. Паводле яго слоў, тканіна для ручнікоў закупленая ў расійскім Іванава і мае ўсе неабходныя сертыфікаты якасці. А калі "ветлівымі людзьмі" называюцца падраздзялення расійскіх узброеных сіл і ў Расіі такія ручнікі свабодна прадаюцца, то і ў Беларусі імі гандляваць цалкам прымальна.

Пачуўшы, што Расія і Беларусь — розныя дзяржавы і што Беларусь да гэтага часу афіцыйна не прызнала Крым расійскім, мужчына здзіўляецца і заяўляе, што "проста хацеў мужыкоў павіншаваць з 23 лютага".

Пасля ён рэкамендуе нам патэлефанаваць Трампу і кідае трубку.

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 25.02:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі