У мінскім бары пацярпеў наведвальнік — шампанскае адкрывалі шабляй
У адным з бараў у Савецкім раёне Мінска пацярпеў наведвальнік. Было замоўлена шампанскае "з урачыстым адкрыццём з дапамогай дэкаратыўнай шаблі". Але нешта пайшло не так. Як паведамляе пракуратура, у момант такога арыгінальнага адкрыцця верхняя частка бутэлькі адкалолася і вылецела разам з коркам. Наведвальнік бара атрымаў "лёгкае цялеснае пашкоджанне ў выглядзе рэзанай раны пярэдняй паверхні грудной клеткі".
Інцыдэнт вывучала пракуратура, якая "выявіла парушэнні заканадаўства ў бяспецы жыццядзейнасці насельніцтва, якія пацягнулі траўміраванне грамадзян падчас знаходжання ў забаўляльнай установе". Дырэктар бара атрымаў патрабаванне ліквідаваць парушэнні, што і зрабіў. Відаць, шампанскае там ужо адкрываюць традыцыйным спосабам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.