У Мінску адмянілі Беларускі тыдзень моды

Сёння мусілі пачацца паказы Беларускага тыдня моды / vk.com/belarusfashionweek
Сёння мусілі пачацца паказы Беларускага тыдня моды / vk.com/belarusfashionweek

У Мінску адмянілі Беларускі тыдзень моды (Belarus Fashion Week). Паказы мусілі прайсці ў гэтыя выхадныя — з 7 па 9 кастрычніка. Аднак напярэдадні позна ўвечары ў сацсетках з'явілася паведамленне ад арганізатараў, што "з тэхнічных прычынаў, якія не залежаць ад нас і ад партнёраў праекта, 24-ы сезон Belarus Fashion Week 07-09.10 не адбудзецца".

За некалькі дзён да мерапрыемства ў праўладным выданні "СБ — Беларусь сегодня" з'явіўся артыкул, прысвечаны праекту. Аўтар публікацыі — супрацоўнік газеты Раман Дудзь — папракаў удзельнікаў праекта ў падтрымцы пратэстаў у 2020 годзе: маўляў, некаторыя беларускія мадэльеры "раптам адклалі ўбок нажніцы і ніткі з іголкамі, з разбегу акунуўшыся ў "рэвалюцыйную" смуту". Аўтар прыгадвае ўдзельнікам індустрыі іх выступы супраць гвалту і пікеты ля Дома мадэляў з плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. У артыкуле згадваюцца імёны кіраўнічкі тыдняў моды Яніны Ганчаровай, дызайнера Івана Айплатава, эксперта моды Вольгі Жадзеевай і іншых.

Тым не менш пасля паведамлення пра адмену цяперашняга Беларускага тыдня моды арганізатары заявілі, што спадзяюцца на сустрэчу ў будучыні.

"Мы прыклалі максімум намаганняў, каб вырашыць узніклыя пытанні, але, на жаль, не змаглі паўплываць на сітуацыю. Абяцаем вярнуцца ў будучыні з анонсамі новых мерапрыемстваў. Спадзяемся на вашае разуменне і бязмежна дзякуем за падтрымку", — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы праекта ў сацыяльных сетках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі