У Мінску Ілля Лагуценка расказаў пра свае беларускія карані
24-га лістапада ў Мінску ў межах тура ў падтрымку альбома "Редкие земли" прайшоў канцэрт гурта "Мумий Тролль".
Акурат перад выступам франтмэн калектыву Ілля Лагуценка распавёў журналістам пра свае беларускія карані, новы альбом і складанасці выступу перад замежнікамі.
Размова з журналістамі пачалася з прызнання Іллём сваіх беларускіх каранёў. Як высветлілася, яго дзядуля той самы архітэктар Віталь Лагуценка, што ў свой час прыдумаў "хрушчоўкі".
Ілля Лагуценка: "Мой дзядуля нарадзіўся ў Магілёве, пасля пераехаў у Маскву і паступіў у архітэктурны інстытут. Пазней яму далі чоткае тэхнічнае заданне рассяліць людзей з камуналак, разлічваючы, дзесьці на 20 год жыцця, зрабіць вельмі эканамічнае жыллё - што, на мой погляд, дзядуля і зрабіў".
Працягнуўшы размову пра сям'ю Ілля прызнаўся, што яго бацька быў добрым сябрам Васілія Аксёнава, і цалкам магчыма, што назва новага альбома не проста так супала з раманам пісьменніка.
Ілля Лагуценка: "Штосьці насамрэч у гэтым свеце адбываецца не проста так, ёсць нейкія сувязі. Мне заўсёды падабаўся раман Васіля Аксёнава "Редкие земли", калі ён выйшаў, і я яго прачытаў, я зразумеў, што дзесьці ён аперуе тымі ж фантазіямі і гумарам, што і я спрабаваў у альбоме "Точно Ртуть Алоэ". Бо для мяне "Точно Ртуть Алоэ" было зашыфраванай назвай "Чырвонай ртуці", таго міфічнага металу 1990-х".
Але музыка зазначыў, што новы дыск не планаваўся, як прысвячэнне аўтару, проста прыйшоў час паказаць нявыдадзеныя раней песні.
Ілля Лагуценка: "Яны складаліся, скажам так, дзесяцігоддзе. Проста не было выпрацавана нейкай канцэпцыі, бо кожны альбом – гэта рэакцыя на тое што адбываецца ў мяне ды навокал. Я думаў, што прыйдзе час, калі можна будзе гэтыя песні аб'яднаць у адно цэлае, і час прыйшоў".
Дарэчы да выхаду новага альбома "Мумий Тролль" ужо праехаўся па Амерыцы ды Канадзе. Франтмэн прызнаўся, што перад выступамі часам адчуваў нібы-та пачынае ўсё спачатку.
Ілля Лагуценка: "Дзякуй у нас шмат песень. Я разумею, што для тых людзей, для якіх мы граем упершыню, а асабліва для тых, хто не ведае рускай мовы, не ведае "Мумий Тролль", ты мусіш пачынаць як з чыстага ліста. Для іх, зразумела, больш важныя энергічныя песні, дзе ўсё заснавана больш на рытме, чым на нейкай славеснай лірыцы".
Але нягледзячы на гэта, самым складаным выступам у сваім жыцці Ілля Лагуценка назваў нядаўні Саміт Тыгрынай Ініцыятывы, бо канцэрт праходзіў у памяшканні тэатра і перад прадстаўнікамі ўрадаў краін, якія, зразумела ніяк не праяўлялі сваіх пачуццяў.
Што ж датычыцца канцэрту ў Мінску, тут з пачуццямі ўсё было добра: публіка спявала разам з Іллём усе песні, а напрыканцы выступу музыкі "Мумий Тролль" увогуле зладзілі нешта накшталт папуры з найвядомейшых хітоў. Лагуценка спяваў першыя радкі песні, зала падхоплівала і спявала куплет з прыпевам, а потым музыкі пачыналі новую песню.
Не абышлося і без ужо традыцыйных глядацкіх спеваў у мікрафон, які Ілля наўпрост аддаў у залу.
Адзінае, чаго не ставала асабіста мне – гэта гучання. Палац спорту вядомы сваёй акустыкай, але гэтым разам гук перасягнуў усе папярэднія канцэрты на гэтай пляцоўцы. Голасу не было чуваць амаль увесь выступ, басы перабівалі ўсе іншыя гукі, але незадаволеных выказванняў пасля прыкладна двух гадзін выступу мне пачуць не давялося.