У Мінску пройдзе новы фэст — "Беларускі стыль" з Кірчуком, "Агатай" і Port Mone
9 чэрвеня ў канцэртнай зале "Атлант" стартуе фестываль "Беларускі стыль", у межах якога выступяць гурт Port Mone, дуэт "Агата" і Іван Кірчук — ён пакажа фрагмент монаспектакля "Дарожка мая". Ідэя фэсту належыць удзельнікам дуэту "Агата" Ірэне Катвіцкай і Аляксею Варсобу.
"У Беларусі дастаткова музыкаў, якія працуюць у розных кірунках, але іх падмурак — гэта ці беларускі фальклор ці ўвогуле беларуская культура. Гэта адчуваецца на ўзроўні мелодыкі, мовы, калі гэта робіцца на мове, — тлумачыць Ірэна Катвіцкая. — Згодна з канцэпцыяй, на канцэртах, якія будуць адбывацца ў межах фестывалю цягам года, будуць выступаць тры гурты. Адзін — радыкальна паказваць традыцыі, другі — на ўзроўні эксперымента, трэці гурт будзе выступаць у стылістыцы ф'южн. Да таго ж, адзін з гэтых гуртоў абавязкова будзе замежным. Цяпер арганізатары вядуць перамовы з артыстамі".
Да таго ж, абяцае Ірэна, у межах фэста будуць праходзіць майстар-класы для музыкаў і для дзяцей. Пакуль арганізатары робяць фэст сваімі сіламі, аднак спадзяюцца на падтрымку спонсараў.
Адрас: Пераможцаў, 61, 19:00. Кошт: 150-250 тысяч.