У Мінску стаўкі адзінага падатку для ІП і фізічных асоб выраслі на 12%
У Мінску стаўкі адзінага падатку для ІП і фізічных асоб павялічваюцца ў сярэднім на 12%. Адпаведнае рашэнне Мінгарсавета было зацверджанае яшчэ 21 снежня 2016 года на сесіі Мінгарсавета. 19 студзеня яно апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і, такім чынам, набыло моц.
Стаўкі адзінага падатку ў рознічным гандлі нехарчовымі таварамі выраслі на 8-11 рублёў, у грамадскім харчаванні — на 15 рублёў, пры аказанні цырульных паслуг — на 10 рублёў. Рэпетытарам давядзецца плаціць больш на 4 рублі(да 34), таксістам — на 17 (да 160), фатографам (акрамя відэаздымкі падзей) — на 11 (да 103) і г.д.
У падатковай інспекцыі па Мінску падкрэслілі, што дакумент прайшоў грамадскае абмеркаванне, адзначае БЕЛТА. У тым ліку прайшла сустрэча са старшынямі саветаў прадпрымальнікаў рынкаў, гандлёвых цэнтраў і ІП, якія працуюць у сферы аказання паслуг. Іх заўвагі і прапановы былі ўлічаныя. Па просьбе прадстаўнікоў бізнэсу павышаныя стаўкі падатку не будуць браць у тых, хто працуе ў гандлёвых цэнтрах "Падземны горад", "Люстэрка", "Паркінг" і "Пасаж". У спіс аб'ектаў з паніжанай стаўкай уключаныя ГЦ "Купалаўскі" і "Шчасце". А вось такія цэнтры "Галілеа" і "Скала" трапілі ў спіс аб'ектаў з павышанай стаўкай.
Неабходнасць павысіць стаўку адзінага падатку чыноўнікі тлумачаць тым, што больш за 45% дзеючых у сталіцы ставак не адпавядаюць вызначаным у Падатковым кодэксе на 2017 год.
Апошні раз у Мінску стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб павышаліся 29 сакавіка 2016 года — у сярэднім на 15%.