У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу
Людзям прапануюць звяртацца па экстраную дапамогу на адзіны тэлефонны нумар 112
У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. Адпаведнае рашэнне прыняў Мінгарвыканкам, яно з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і пачынае дзейнічаць пасля афіцыйнага апублікавання.
У адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу горада Мінска ўключаць 21 арганізацыю: ГУУС Мінгарвыканкама, экстраныя, камунальныя, медыцынскія службы, Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі, Нацыянальны аэрапорт Мінск.
У дакуменце адзначаецца, што мэтай стварэння адзінай службы з'яўляецца "забеспячэнне магчымасці звароту па экстраную дапамогу на адзіны тэлефонны нумар 112, аператыўнага рэагавання на пагрозу або ўзнікненне надзвычайнай сітуацыі". Абанентам адзінага тэлефоннага нумара 112 у сталіцы з'яўляецца цэнтр аператыўнага ўпраўлення Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.