На канікулах мінскім школьнікам раскажуць пра прывабнасць працы ў ЖКГ
Супрацоўнікі ЖКГ замалёўваюць мурал у Мінску
Падчас восеньскіх канікул мінскім старшакласнікам давядзецца пайсці на экскурсіі па камунальных прадпрыемствах сталіцы. Як тлумачыць тг-канал "ЖКГ Мінска", такім чынам у дзяцей будуць выяўляць схільнасці і таленты "да пэўных відаў прафесійнай дзейнасці". А яшчэ падобныя мерапрыемствы маюць павысіць "імідж прафесійнай дзейнасці ў сферы ЖКГ".
Старшакласнікі наведаюць "Мінскводаканал", "Белліфт", "Фауну горада", "Гарадскую аварыйную службу" і іншыя прадпрыемствы.
"Падрыхтоўка навучэнцаў да самастойнага, усвядомленага выбару прафесіі павінна з'яўляцца абавязковай часткай гарманічнага развіцця кожнай асобы і інтэграваная ва ўвесь навучальна-выхаваўчы працэс, а такім чынам прафарыентацыйная праца ў школах, у тым ліку з удзелам камунальных прадпрыемстваў горада, з'яўляецца адным з найважнейшых кампанентаў у развіцці як асобна узятага чалавека, так і грамадства ў цэлым", — рапартуюць у ЖКГ Мінска.
Тым часам на дадзены момант у краіне не хапае 375 дворнікаў, 1338 сантэхнікаў, 1968 газазваршчыкаў. Дэфіцыт кадраў у сферы ЖКГ прызнаюць і ўлады. Каб утрымаць спецыялістаў, прадпрыемствы ўводзяць матывавальныя выплаты — гэта тычыцца як моладзі, так і дасведчаных супрацоўнікаў.
На сёння ў Беларусі вольныя амаль 170 тысяч вакансій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.