У Нарвегіі памёр расійскі кіт-шпіён, а Oasis уз’яднаўся — #ІхНоравы
Пра што пішуць замежныя медыя і што абмяркоўваюць у свеце
Кіт на службе ваенна-марскога флоту — гэта жарт ці не? Выглядае, што так, але нарвежскія вайскоўцы даследуюць гэтае пытанне на поўным сур'ёзе.
Як і паўночнакарэйскія чыноўнікі з усёй адказнасцю будуць вывучаць, ці не паддаліся неакрэплыя розумы іх спартоўцаў уплыву “загнілага” Захаду.
Нават навіне пра ўз’яднанне братоў Галахераў з легендарнага брытанскага гурта Oasis меламаны адразу не паверылі. Няўжо праз 15 гадоў памірыліся? Ці так гэта, прыхільнікі даведаюцца на канцэртах у наступным годзе.
Падрабязней пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Навукоўцы хочуць ведаць, чаму памёр Хвалдзімір
Здавалася б, у сусветным акіяне штодзённа гінуць марскія жывёлы, чаму смерць менавіта гэтага кіта стала навіной, што трапіла ў стужкі BBC, The New York Times і іншых рэспектабельных медыя?
Бо гэтага кіта падазравалі ў шпіянажы! Яго заўважылі ля берагоў Нарвегіі яшчэ ў 2019 годзе. Бялуху назвалі Хвалдзімір: ад нарвежскага “хвал” (кіт) і Уладзімір, намякаючы на Пуціна.
Жывёліна была абкручаная збруяй з відэакамерай з лагатыпам фірмы з Санкт-Пецярбурга. Таму нарвежцы дапусцілі, што рускія падаслалі кіта, каб збіраць інфармацыю ў нарвежскіх водах.
За бялухай сачыла нарвежская прыродаахоўная арганізацыя Marine Mind. Яна ж і паведаміла, што кіта знайшлі мёртвым.
Хвалдзіміра хочуць адправіць на даследаванне, каб зразумець прычыну яго гібелі. Пакуль вядома, што кіт загінуў у маладым узросце — каля 15 гадоў, хоць такія кіты жывуць аж да 60.
Кіт-шпіён — гучыць як жарт, але нарвежская выведка зрабіла такую выснову абсалютна сур’ёзна. Паводле звестак нарвежцаў, у расіян ёсць даследчая праграма, у межах якой расійскі ваенна-марскі флот трэніруе марскіх сысуноў з ваеннымі мэтамі. І нібыта існуюць падводныя вальеры для жывёл недалёка ад вайскова-марской базы ў Мурманскай вобласці.
Расія гэта ніколі не каментавала.
Між тым рыбакі і эколагі ставліся да Хвалдзіміра выключна прыязна. Кіт дэманстраваў прыкметы прыручэння і адчуваў сябе камфортна побач з людзьмі, хоць бялухі звычайна пазбягаюць ажыўленых водаў. Эколагі зрабілі выснову, што частку свайго жыцця Хвалдзімір пражыў у няволі блізка да людзей.
Спартоўцаў з КНДР пасля Алімпіяды адправяць на перавыхаванне
Настольных тэнісістаў з Паўночнай Карэі могуць пакараць за сумеснае фота са спартоўцамі з Паўднёвай Карэі і Кітая.
Гэты здымак зрабіў фурор і ў нейкім сэнсе стаў адным з сімвалаў Алімпіяды, якая прадугледжвае аб’яднанне і спыненне канфліктаў.
Але на радзіме паўночнакарэйскія спартоўцы Лі Чжон Сік і Кім Кум Ён, якія атрымалі срэбныя медалі, пройдуць праверку. Праз тое, што яны занадта ўсмешлівыя на фатаграфіях з ідэалагічнымі ворагамі.
Тэнісістам давядзецца прайсці праз так званае “ачышчэнне”, якім будзе ў тры этапы займацца Міністэрства спорту КНДР. Простымі словамі, гэта прамыўка мазгоў, каб ліквідаваць “уплыў несацыялістычнай культуры” на сваіх грамадзян. Гэта будзе доўжыцца каля месяца.
"Падчас праверкі паводзіны алімпійцаў у Парыжы ўважліва вывучаць на прадмет прытрымлівання інструкцый. Калі хто-небудзь будзе абвінавачаны ў парушэнні патрабаванняў, ён можа быць падвергнуты дысцыплінарным спагнанням", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве КНДР.
А адразу пасля таго, як спартоўцы прыехалі дадому, у аэрапорце іх і іх рэчы абследаваў сабака — каб ніводны мураш з варожага Захаду не пранік у краіну.
Рок-гурт Oasis уз’яднаўся
Білеты на найбліжэйшыя 17 канцэртаў гурта ў Вялікабрытаніі і Ірландыі раскупілі ў першыя ж 10 гадзін пасля старту продажу. Гэта амаль 1,5 млн білетаў!
Канцэрты запланаваныя на другую палову лета наступнага года. Гурт павялічыў колькасць выступаў, пабачыўшы такі ажыятаж пасля навіны пра ўз’яднанне.
Пасля канцэртаў у Вялікабрытаніі і Ірландыі музыкі плануюць сусветны тур.
Oasis разваліўся ў 2009 годзе праз канфлікты паміж лідарамі гурта, братамі Галахерамі.
Найбольшую папулярнасць яны зазналі ў 90-я, стаўшы адным з самых запатрабаваных і знакамітых гуртоў у гісторыі брытанскай музыкі.
Здаецца, у Oasis усе шансы паўтарыць поспех.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.