У неафіцыйным кліпе Neuro Dubel знялося больш за 70 дзяцей (відэа)

У неафіцыйным кліпе Neuro Dubel знялося больш за 70 дзяцей (відэа)

На кавер-версію песні “Дети Галлактики” у выкананні гурта Neuro Dubel знялі неафіцыйны кліп. Такім чынам дзіцячая кінашкола Talent, вырашыла адыйсці ад класічных чытанняў вершаў ды маналогаў на занятках і дала магчымасць сваім навучэнцам крыху “адарвацца”.

“Мы ўжо даўно абяцалі дзецям зрабіць кліп на якую-небудзь рок-песню з вядомым выканаўцам, — распавядае кіраўніца Talent Анастасія Іванова. — Шукалі, з кім супрацоўнічаць, але не ўсе жадалі працаваць з дзецьмі, ды і розныя нюансы былі. А Аляксандр Кулінковіч адразу адказаў, што ў яго ўжо ёсць песня, якая пасуе для вялікай колькасці дзяцей”.

Здымкі праходзілі цягам двух дзён з удзелам сямідзесяці дзяцей ва ўзросце ад чатырох да чатырнаццаці гадоў. Першы здымачны дзень праходзіў у дзіцячым садку, дзе Аляксандр Кулінковіч выступіў у ролі выхавацеля, на другі дзень ён ужо быў у ролі самога сабе ў клубе ili.

“У мяне, як у кіраўніка, прысутнічаў такі страх, бо і Аляксандр даволі спецыфічны чалавек, і яго музыка, так бы мовіць, не дзіцячая, — працягвае Анастасія Іванова. — Але дзеці вельмі палюбілі Кулінковіча. Хапалі яго за рукі за ногі, віслі, абдымалі, казалі: “Дзядзя Саша, давайце мы вас пачастуем бутэрбродам, давайце я вас абдыму, давайце я вас пацалую…”. Думаю, Сам Аляксандр не чакаў такога і не думаў, што яго фанаты так памаладзеюць. Бацькі таксама засталіся вельмі задаволеныя працэсам. Яны здымалі ўсё на відэа, скакалі разам з дзецьмі, спявалі з імі. Для ўсіх гэта было нейкае адкрыццё і найлепшы карпаратыў”.

На кліпе для Neuro Dubel школа Talent спыняцца не збіраецца. “Дзецям так спадабалася супрацоўніцтва з артыстамі, што працяг абавязкова будзе”, — адзначае Анастасія. У бліжэйшых жа планах — зняць шэраг музычных ролікаў пад агульнай назвай “Стылягі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі