У небе над Мінскам луналі паветраныя шары
У небе над Мінскам сёння раніцай луналі паветраныя шары. Першыя запускі аэрастатаў адбыліся ў рамках міжнароднага кубка па паветраплавальным спорце Minsk 950th Anniversary Balloon Cup. Паветраныя шары стартавалі з розных кропак, праляцелі над цэнтрам Мінска і прызямліліся ў раёне Цнянскага вадасховішча, паведамляе БЕЛТА.
Напярэдадні на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 адбылася цырымонія адкрыцця. Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Барауля адзначыў, што з кожным разам мерапрыемствы па паветраплаванні ў Мінску набіраюць абароты.
Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў падкрэсліў, што мэта правядзення такіх міжнародных спаборніцтваў - прасоўванне іміджу краіны, а такія спаборніцтвы, як кубак Мінска па паветраплаванні, у будучыні могуць стаць адным з сімвалаў горада.
Міжнародны кубак па паветраплаванні Minsk 950th Anniversary Balloon Cup праводзіцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі авіяцыйнага спорту. Гэтае мерапрыемства другой катэгорыі. У спаборніцтве ўдзельнічаюць прадстаўнікі сямі краін.
Турнір завершыцца ў нядзелю, палёты адбудуцца толькі пры спрыяльным надвор’і.