У першыя гадзіны дэнамінацыі ў Беларусі не будуць працаваць пластыкавыя карткі
1 ліпеня з нуля гадзін у Беларусі будзе немагчыма разлічыцца банкаўскімі карткамі. Адбудзецца гэта з-за пераводу банкаўскіх рахункаў на новыя дэнамінаваныя грошы. Але колькі часу давядзецца карыстацца выключна наяўнымі грашыма?
“Натуральна, што будзе абнаўленне праграмнага забеспячэння, — кажуць Еўрарадыё ў банкаўскім працэсінгавым цэнтры. — І ясна, што некаторы час карткі працаваць не будуць. Але цяпер ідзе тэставанне праграмнага забеспячэння, таму пакуль казаць пра нейкі канкрэтны час немагчыма”.
У саміх банках таксама не маюць адказу на гэтае пытанне, толькі абяцаюць, што пераход пройдзе хутка і будзе амаль незаўважны для насельніцтва. Тым больш Нацбанк выдаў унутраную пастанову, дзе абавязаў усе банкі аднавіць разлік пластыкам за шэсць(!) гадзін. Калі так, то да раніцы ўсё будзе добра.
У гэты ж час у банкаматах краіны старыя грошы будуць мяняцца на новыя, але ў першыя дні толькі траціна банкаматаў будзе выдаваць дэнамінаваныя рублі.
“Новыя грошы ўжо завезлі, іх дастаткова, каб запоўніць усе банкаматы, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік Дэпартамента маркетынгу БСБ Банка Зміцер Ваганаў. — Але ўсё ўпіраецца ў тое, колькі касет для новых грошай ёсць у банкаматах і банках. Таксама нельга не ўлічваць і чалавечы фактар. Бо ў банкаў ёсць пэўная колькасць машын і супрацоўнікаў інкасатарскай службы, і яны будуць працаваць практычна кругласутачна. Чым большы банк, чым большая яго сетка, тым цяжэй усё імгненна замяніць”.
Самы буйны банк краіны, “Беларусбанк”, абяцае Еўрарадыё ў першы дзень дэнамінацыі загрузіць новымі купюрамі 62% сваіх банкаматаў.
“Гэта тыя банкаматы, якія знаходзяцца ў месцах найбольшага засяроджвання кліенцкіх плыняў, — кажа прэс-сакратар Ларыса Грынько. — Напрыклад, наш банкамат стаіць у Оперным тэатры, натуральна, што яго можна і пазней загрузіць. На сайце па меры загрузкі будзе з’яўляцца інфармацыя. Ну, і калі ў першы дзень мы загрузім 62% банкаматаў новымі купюрамі, то за наступны дзень — астатнія”.
Яшчэ адна складанасць, абумоўленая дэнамінацыяй — разлікі ў крамах. Раней паведамлялася, што рэшту касіры будуць даваць і новымі, і старымі купюрамі. Па словах намесніка кіраўніка Ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Сяргея Салаха, блытаніна ў такой сітуацыі непазбежная, але з гэтым нічога немагчыма зрабіць.
“Па законе, і старыя, і новыя купюры абавязкова мусяць прымаць усе без выключэння, — кажа Сяргей Салах. — То бок, як нельга прымусіць спажыўца плаціць толькі новымі грашыма, так і нельга прымусіць плаціць толькі новымі грашыма любую фізічную, ці юрыдычную асобу. Але я думаю, што ніхто не жадае блытацца ў грошах, таму, натуральна, зручней даваць рэшту купюрамі аднаго шэрагу. Нацбанкам рэкамендавана даваць рэшту новымі грашыма, каб паскорыць працэс замены”.
Нагадаем, дэнамінацыя ў Беларусі пройдзе 1 ліпеня 2016 года. Да 31 снежня 2016 года банкноты ўзору 2000 года і банкноты з манетамі ўзору 2009 году будуць знаходзіцца ў паралельным звароце. Цягам наступных пяці гадоў (з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2021 г.) старыя грошы ў любой суме без абмежаванняў і без збірання камісіі можна будзе памяняць на новыя ў Нацбанку.