У Расіі пройдзе суд па справе “ветэрана-карніка”
Суд у Маскоўскай вобласці разгледзіць справу пенсіянера, які падчас вайны перайшоў на бок Нямеччыны і ваяваў у паліцэйскім батальёне ў Беларусі.
Пазней ён зрабіў сабе дакументы ветэрана. Судовае паседжанне, якое ўжо некалькі разоў адкладалася, павінна адбыцца 7 жніўня.
На ім плануецца высветліць, як карнік змог атрымаць пасведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Да адказу хочуць прыцягнуць прадстаўніка ваеннага камісарыята, паведамляюць расійскія СМІ.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, высветлілася, што пенсіянер, якога лічылі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, на самой справе ваяваў на баку немцаў. Расійская пракуратура зрабіла запыт у Беларусь і атрымала ад Генпракуратуры нашай краіны копіі матэрыялаў архіўнай справы.
У ліпені 1942-га афіцэр Чырвонай Арміі Сяргей Маслаў трапіў у нямецкі палон. На допыце ён распавёў, дзе знаходзяцца іншыя афіцэры, якія трапілі ў акружэнне, а ў снежні паступіў на службу ва "ўсходні" вучэбны полк у Бабруйску.
У жніўні 1943-га — верасні 1944 года былы афіцэр Чырвонай Арміі быў у складзе карнага батальёна ў Францыі. Там ён трапіў у палон да амерыканцаў. Ужо ў снежні 1945 года ён быў у руках савецкіх спецслужбаў, яго асудзіў Вайсковы трыбунал Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне за здраду Радзіме на 10 гадоў пазбаўлення волі. Таксама перабежчыка пазбавілі вайсковага звання "лейтэнант".
Аднак "ветэран" здолеў у 1980 годзе атрымаць патрэбныя дакументы і больш за 30 гадоў незаконна атрымліваў сацыяльнае забеспячэнне.
Фота — ntv.ru