У Расіі затрымалі кантрабандныя беларускія цыгарэты на 4,5 мільёна долараў
Беларускія кантрабандныя цыгарэты злавілі ў Расіі / customs.gov.ru
Расійскія мытнікі затрымалі ў Смаленскай вобласці чатыры фуры, якія перавозілі беларускія цыгарэты без расійскіх акцызных марак, паведамляе Федэральная мытная служба РФ.
Аўтамабілі спынілі на трасе М-1. Адзін з кіроўцаў распавёў, што ехаў разгружацца ў Падмаскоўі. У астатніх выпадках не ўдалося выявіць атрымальніка тавару.
У рукі мытнікаў трапілі амаль тры мільёны пачкаў беларускіх цыгарэт васьмі марак. Агульны кошт кантрабанды ацэньваецца ў больш як 320 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 4,5 мільёна долараў).
Па факце кантрабанды могуць пачаць крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.