У Славянску адбылася перастрэлка: адзін чалавек загінуў
Трое чалавек таксама атрымалі раненні ў часе ўзброенай сутычкі на адным з блок-пастоў.
Інцыдэнт у райцэнтры Данецкай вобласці адбыўся каля 3.00 20 красавіка, інфармуе УНІАН са спасылкай на МУС Украіны. Адзін чалавек загінуў. Міліцыя высвятляе падрабязнасці інцыдэнту. На месцы здарэння засталіся два згарэлыя аўтамабілі, у якіх на блок-пост прыехалі нападнікі.
Паводле папярэдніх звестак, машыны згарэлі, бо з блок-паста іх закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю. Відавочцы сцвярджаюць, што нападнікі былі прафесіяналамі і вялі прыцэльны агонь па людзях на блок-пасту.
На месцы здарэння шмат гільзаў, па словах відавочцаў — ад зброі нападнікаў. Таксама знойдзеныя рэшткі светла-шумавых гранат, падобных да тых, якія знаходзілі на Майдане ў Кіеве пасля сутыкненняў пратэстоўцаў з сілавікамі.
Разам з тым журналісты не знайшлі на месцы сутыкнення луж ці слядоў крыві, а згарэлыя машыны моцна абстраляныя. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў людзей на блок-пасту не было ніякай “магутнай зброі”, толькі спадручныя сродкі або дубінкі.