У Славянску ідзе антытэрарыстычная аперацыя (абнаўляецца)

15.00 У Славянску зацішша: ідзе падрыхтоўка да новага этапу аперацыі. Украінскія сілавікі прыйшлі ў захоплены горад раніцай 13 красавіка, аднак пакуль не вызвалілі яго цалкам.



Дакладна паведамляецца пра адзін прарваны блокпост на выездзе з гораду. Іншыя блокпасты трымаюцца. Мясцовае насельніцтва скардзіцца, што на блокпастах на выездзе з гораду іх правяраюць невядомыя людзі. Яны не з мясцовых і размаўляюць па-хамску, паведамляюць Новости Донбасса ў сваім Твітэры.

 

13.45 Народная самаабарона Запарожжа абвясціла мабілізацыю з-за магчымых правакацый.



Як паведамілі УНІАН у штабе Народнай самаабароны, ёсць інфармацыі, што ў Запарожжа едуць “цітушкі” з Адэсы.

12.40 Як заявіў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, ёсць страты з абодвух бакоў. Загінуў адзін украінскі праваахоўнік, пяцёра атрымалі раненні. Таксама ёсць нявызначаная колькасць загітых і параненых з боку сепаратыстаў. Па словах міністра, сепаратысты выкарыстоўваюць жывы шчыт з цывільных асобаў.

 

12.00 Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з украінскіх праваахоўнікаў загінуў, двое параненыя. Пра гэта паведамляе УНІАН, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы ў праваахоўных органах.

11.40 У часе аперацыі ў Славянску пацярпелі трое ўкраінскіх сілавікоў. Пра страты з боку сепаратыстаў не паведамляецца. Пра гэта інфармуе кіраўнік групы "Інфармацыйны супраціў" Дзмітрый Тымчук у сваім Фэйсбуку.

11. 00 Адзін з блокпастоў на падыходзе да гораду зняты спецназам. Пра гэта інфармуе выданне Новости Донбасса.

Украінскі спецназ з'явіўся ля раённага цэнтру раніцай 13 красавіка.

 

 

Як заявіў раней міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў, сепаратысты адкрылі агонь па спецназе.

“Перадавайце ўсім цывільным сысці з цэнтру горада — не выходзіць з кватэр, не падыходзіць да вокнаў. Сепаратысты адкрылі агонь на паражэнне ў бок спецназу, які да іх падыходзіў, без перамоваў…” — напісаў Авакаў у сваім Фэйсбуку.



Антытэрарыстычная аперацыя ў Славянску (Данецкая вобласць) пачалася раніцай у нядзелю. Раней невядомыя ўзброеныя людзі захапілі шэраг будынкаў у раённым цэнтры, у тым ліку райаддзел міліцыі, нагадвае УНІАН. Вакол гораду з’явіліся блокпасты, асноўныя дарогі былі перарэзаныя. Цяпер над горадам лятаюць верталёты, іх прыналежнасць невядомая.



У ноч на нядзелю адбылося экстранае паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі Украіны. Яго вынікі пакуль не абвешчаныя.

Фота: REUTERS, сацыяльныя сеткі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі