У сталічнай Кунцаўшчыне пачала працаваць “Табакерка”
У сталічным мікрараёне Кунцаўшчына пачаў працаваць шапік “Табакерка”. Як піша TUT.by, яго паставілі каля Заходняга рынка.
Першы тытунёвы шапік з’явіўся ў Мінску ў Сухараве яшчэ ў ліпені. Затым “Табакеркі” паставілі і ў іншых раёнах горада. Працяглы час яны стаялі зачыненыя, хоць туды актыўна набіралі персанал. Да канца гэтага года ў горадзе павінны выдзеліць 500 участкаў на такія гандлёвыя пункты. Іх нельга будзе ставіць толькі ўнутры гарадскога ядра, межы якога праходзяць па Талстога, Машэрава, Казлова, Захарава і Аранскай. Таксама “Табакеркі” забаранілі на тэрыторыях, прылеглых да магістральных вуліц, установаў адукацыі і аховы здароўя, ля паркаў і сквераў. Але гэтыя ўмовы часта не выконваюцца.
“Табакеркі” належаць кампаніі “Энерга-оіл”, падкантрольнай бізнесмену Аляксею Алексіну. Праз яе рэалізуецца праект па стварэнні недзяржаўнай сеткі гандлю тытунёвымі вырабамі.