У Турцыі вырашылі цалкам знесці горад, які пацярпеў ад землятрусу
Горад Нурдагы / Anadolu Agency via AFP
Турэцкі горад Нурдагы, які пацярпеў ад землятрусу, цалкам знясуць. Пра гэта паведамляе тэлеканал NTV са спасылкай на губернатара правінцыі, дзе размешчаны горад. "Мы прынялі рашэнне разам з міністрам горадабудаўніцтва Курумам прыбраць усе завалы і цалкам знесці горад — на 100%", — сказаў губернатар. Пры гэтым ён удакладніў, што затым горад адбудуюць нанова.
Праз восем дзён пасля разбуральнага землятрусу ў Турцыі ратавальныя працы ўсё яшчэ працягваюцца, піша Reuters. Сёння раніцай у моцна пацярпелым Кахраманмарашы з-пад завалаў дасталі двух чалавек — хлопчыка і мужчыну. Ратавальнікі яшчэ спадзяюцца знайсці тых, хто выжыў, у некалькіх месцах у Кахраманмарашы, а таксама ў Адыямане і Хатаі. Там пад руінамі былі прыкметы жыцця. Але ў некаторых гарадах завалы ўжо расчышчаюць экскаватарамі.
Ратавальныя аперацыі згортваюць і ў Сірыі. У разбураным сірыйскім горадзе Алепа ў гэтыя дні знаходзіцца кіраўнік ААН па аказанні дапамогі Марцін Грыфітс. Паводле яго слоў, этап ратавання "падыходзіць да канца", асноўная ўвага пераключаецца на забеспячэнне людзей жыллём, харчаваннем і навучаннем.
Колькасць ахвяраў гэтага землятрусу, які адбыўся 6 лютага, ужо перасягнула 37 тысяч чалавек. У Турцыі, паводле апошніх звестак, загінулі 31 643 чалавекі. Гэта самы моцны землятрус у сучаснай гісторыі краіны. Агульная колькасць загінулых у Сірыі — 5 714 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.