У Венесуэле вызвалілі дзясяткі палітвязняў
Алекс Сааб і Нікалас Мадура
У Венесуэле вызвалілі дзясяткі палітвязняў. Адбылося гэта ў выніку маштабнай здзелкі з ЗША, якая была заключаная пры пасярэдніцтве Катара.
Як паведамляе "Голас Амерыкі", Злучаныя Штаты абмянялі зняволенага Алекса Сааба (яго абвінавачвалі ў адмыванні грошай для Каракаса), калумбійскага бізнесмена, паплечніка прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, на дзесяць амерыканскіх грамадзян, якіх утрымлівалі ў венесуэльскіх турмах. Венесуэла таксама выдала ўцекача Леанарда Фрэнсіса, які апынуўся ў цэнтры самага гучнага карупцыйнага скандалу ў гісторыі ВМС ЗША. Акрамя таго, былі вызвалены дваццаць венесуэльскіх палітвязняў.
Прэзідэнт Венесуэлы Мадура вітаў вызваленне Сааба як "трыумф праўды". Прыбыццё былога зняволенага паказвалі ў жывым эфіры па мясцовым тэлебачанні. Сааб, які выступаў у прэзідэнцкім палацы, падзякаваў лідару Венесуэлы і сказаў, што "сёння цуд свабоды, цуд справядлівасці стаў рэальнасцю".
Адзначаецца, што "Вашынгтон аслабляе ціск на Каракас, калі Венесуэла прасоўваецца ў бок дэмакратыі". У кастрычніку ЗША пагадзіліся аслабіць нафтавыя і газавыя санкцыі супраць Венесуэлы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.