У Віцебску сапсавалі графіці з партрэтам Марка Шагала. Ці ўдасца яго аднавіць?

У Віцебску сапсавалі графіці з партрэтам Марка Шагала. Ці ўдасца яго аднавіць?

Невядомыя сапсавалі графіці з партрэтам Марка Шагала ў двары па вуліцы Суворава, 38 у Віцебску. Графіці замалявалі шэрай фарбай з балончыка. Пра гэта паведаміў дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў.

“Ішоў міма, заўважыў. Не ведаю, ці можна паправіць, — распавёў Еўрарадыё Андрэй Духоўнікаў. — Мне, вядома, шкада. Але такія вулічныя фрэскі жывуць сваім жыццём.

У Сан-Антоніа ў 1975 годзе зрабілі графіці ў дэпрэсіўным мексіканскім раёне. І вось ужо колькі гадоў, людзі абараняюць, рэстаўруюць. А калі хуліганы замалявалі гэтае графіці, дык людзі выклікалі таго графіціста, якому 70 гадоў, і папрасілі аднавіць. Гэта я да таго, як людзі ставяцца”.

У віцебскім ЖЭУ Еўрарадыё паведамілі, што вандалы не першы раз псуюць гарадскія аб’екты, а паправіць графіці Шагала камунальнікі не змогуць.

“Вандалы і фасады, і пад’езды псуюць, — распавялі ў ЖЭУ. — Пішуць незразумелыя для нас літары. У нас няма такіх спецыялістаў, каб аднавіць. У нас адзін маляр, які валікам і пэндзлем працуе. Шкада, што сапсавалі”.

Малюнак з партрэтам Марка Шагала, які нарадзіўся ў Віцебску, з’явіўся ў горадзе ў 2015 годзе. Графіці зрабілі маладыя мастакі з каманды Youfeelmyskill Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін. Цяпер хлопцы жывуць і працуюць у Расіі.

Еўрарадыё звязалася з аўтарамі графіці. Хлопцы не ведалі, што іх працу пашкодзілі невядомыя.

“Нават і не ведалі, не ў Віцебску знаходзімся, — распавёў Еўрарадыё Глеб Каштанаў. — Аднавіць рэальна, але мы не плануем вяртацца на радзіму бліжэйшыя паўгода. Калі толькі нехта з сяброў-мастакоў у Віцебску дапаможа. Ёсць такі чалавек, якому можна будзе даверыць справу. Матыў людзей, якія гэта зрабілі, мне незразумелы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі