У Віцебску збіраюцца закрыць "Трэцюю радзільню" — дактары супраць
Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі ў Віцебску / belarus-online.by
Нядаўна мы пісалі, што ў Віцебскай вобласці чыноўнікі задумалі ўшчыльніць радзільныя дамы — закрыць радзільныя аддзяленні ў раёнах, дзе з'яўляецца на свет менш за 100 дзяцей у год. Пасля гэтай публікацыі ў рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся віцяблянін. Ён расказаў: у планах ва ўладаў — закрыццё яшчэ аднаго радзільнага дома. Гэтым разам у самім Віцебску.
"Абяцаюць працаўладкаваць персанал, але пакуль гэта толькі словы"
Гаворка ідзе пра акушэрскае аддзяленне Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Віцябляне называюць яго "Трэцяй радзільняй". Работнікаў медустановы нядаўна сабраў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач. Ён абвясціў пра планы закрыць радзільны дом да лета гэтага года.
"Мне пра гэта расказалі знаёмыя дактары, якія працуюць у гэтым радзільным доме. Радзільнае аддзяленне, дарэчы, не маленькае — больш за сто ложкаў. Паказчыкі яго нядрэнныя, з вобласці прымаюць парадзіх.
Улады абяцаюць працаўладкаваць персанал пасля закрыцця радзільнага дома, але пакуль гэта толькі словы. Прачытаў, што і ў іншых рэгіёнах вобласці таксама закрываюцца радзільныя аддзяленні... Усё гэта вельмі сумна", — расказвае наша крыніца.
Інфармацыю пацвердзілі работнікі акушэрскага аддзялення Віцебскай БХМД. Адна з дактароў кажа, што ў калектыве ўжо пачалася паніка. Навіна пра закрыццё сталася нечаканай — цяпер 170 чалавек перажываюць за сваю будучыню.
"Самае непрыемнае — знаходзіцца ў чаканні. Як нас забяспечаць працай? У нас каля 20 акушэраў-гінеколагаў — гэта вельмі вузкая спецыялізацыя. Абяцалі адкрыць гінекалагічнае аддзяленне, могуць перавесці кагосьці туды. Але калі доктар прапрацаваў 15 гадоў у стацыянары, яму ісці ў жаночую кансультацыю? Ды і заработная плата там ніжэйшая ў два разы!" — дзеліцца падрабязнасцямі з Еўрарадыё доктар акушэрскага аддзялення Віцебскай БХМД.
Чаму нельга будаваць новы радзільны дом, не закрываючы стары?
Аблвыканкам тлумачыць свае намеры нізкай нараджальнасцю ў рэгіёне і жаданнем зэканоміць бюджэтныя сродкі. Прагучала і такая прычына: радзільнае аддзяленне БХМД — у дрэнным стане.
Работнікі апісваюць аддзяленне як бедненькае, але чысценькае. Будынак пабудавалі ў сямідзясятых гадах, з тых часоў не рамантавалі — і не плануюць. Чыноўнікі прапануюць іншы варыянт.
"Аблвыканкам паабяцаў пабудаваць новы радзільны дом на нашай жа тэрыторыі на працягу трох-пяці гадоў і працаўладкаваць туды работнікаў аддзялення. Сказалі, што рэканструкцыя немэтазгодная. Маўляў, гэта абыходзіцца ў два-тры разы даражэй, чым будаўніцтва новага радзільнага дома.
Толькі мы не разумеем: чаму б не пачаць будаўніцтва, не закрываючы радзільнае аддзяленне? І наогул: няма веры ў тое, што радзільны дом пабудуюць, тым больш так хутка. У Полацку вось пабудавалі толькі палі, ніякага радзільнага дома няма і не плануецца", — працягвае доктар.
Работнікі акушэрскага аддзялення напісалі калектыўны ліст з просьбай перагледзець рашэнне аб закрыцці і адправілі яго ў аблвыканкам. Адказу пакуль не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.