У Віцебскую абласную выбарчую камісію ўвайшоў прадстаўнік Партыі БНФ
Кастусь Смолікаў гаворыць, што сам не ведае, чаму так адбылося.
У склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі ўключылі прадстаўніка Партыі БНФ Кастуся Смолікава. Гэта здарылася ўпершыню, раней з ліку апазіцыянераў у гэтую камісію ўключалі толькі чальцоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
У каментары Еўрарадыё Смолікаў гаворыць, што сам не ведае, чаму так адбылося: “Не ведаю… Але ва ўсякім выпадку лічу, што гэта добра. Будзем працаваць, спрабаваць змяніць выбары да лепшага. Думаю, уключэнне мяне ў камісію — гэта добры знак”.
Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій заканчваецца 22 ліпеня. Як паведаміў Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, абагульненыя дадзеныя пра іх склад будуць вядомыя ў сераду.
Нагадаем, што выбары прэзідэнта Беларусі сёлета пройдуць 11 кастрычніка. З 23 ліпеня пачынаецца працэс збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 8 ініцыятыўных груп.
Фота: vitebskspring.org