У вялікія маразы верагоднасць падхапіць грып зніжаецца
Кожны год у Беларусь прыходзяць вялікія маразы. Летась гэта адбылося адразу пасля Новага года: 6 студзеня слупкі тэрмометраў апусціліся ніжэй за -20, а 7 студзеня было яшчэ больш халодна: да -32.
Сёлета вялікія маразы прыпалі на канец лютага. Уночы з 26 на 27 лютага на ўсходзе Беларусі было -31,4 — гэта сёлетні антырэкорд. А "звычайная" тэмпература, да якой мы апошнімі днямі прызвычаіліся, — ад -12 да -16 градусаў.
Што "цудадзейнага" выпіць, калі вы выйшлі на вуліцу апранутымі не па надвор'і і прамерзлі, і ці ёсць сэнс "грэцца" глытком каньяку? Чаму падхапіць вірус у вялікія маразы цяжэй, чым калі тэмпература трымаецца "каля нуля"? Ці варта зараз рабіць прышчэпкі? Што робяць дактары, каб не захварэць? Нарэшце, які ёсць адзіны надзейны спосаб адрозніць вірус грыпу ад больш лёгкіх хвароб? Пра ўсё гэта ў студзені 2017 года мы паразмаўлялі з кандыдатам медычных навук, дзіцячым лекарам Андрэем Вітушкам. Размова актуальная і сёлета:
— як толькі вы зайшлі з холаду ў памяшканне (напрыклад, на працу), трэба выпіць чаго-небудзь цёплага. Нельга адразу бегчы на холад;
— я б не рэкамендаваў "грэцца" алкаголем. Адчуванне цеплыні, якое ён прыносіць у арганізм, несапраўднае;
— для людзей у Беларусі -32 — не дзіва. Нашы продкі жылі пры такой тэмпературы і нас нарадзілі. Так што баяцца не трэба — проста цёпла апранайце рукі і ногі. Што да вірусных інфекцый — у марознае надвор'е частата іх перадачы зніжаецца. Гэта тлумачыцца тым, што менш людзей выходяць на вуліцы і кантактуюць паміж сабой;
— прастудай называюць хваробы, якія развіваюцца ад ахалоджання скуры. Гэта тое, што ідзе знутры самога чалавека. Ён прамерз, прамарозіў ногі. І калі ў яго арганізме ёсць хранічная крыніца інфекцыі — напрыклад, хранічны танзіліт на міндалінах — пачынае балець горла, бо ахалоджанне з'яўляецца правакацыяй. Але больш часта назіраюцца рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. Яны могуць напаткаць цёпла апранутага чалавека, які ніколі не прамярзаў, бо перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, ад чалавека да чалавека. Адным з відаў рэспіраторных вірусаў з'яўляецца грып;
— каб адрозніць "прастуду" ад грыпа, ёсць лекары. Яны для гэтага некалькі гадоў вучацца. А па-другое, пастаянна бачаць хворых людзей;
— каб не захварэць, дактары робяць прышчэпкі. У Беларусі гэта сапраўды масавая кампанія, гэта бясплатна, і многія мае калегі не грэбуюць такой магчымасцю;
— для выпрацоўкі імунітэта пасля прышчэпкі патрабуецца нейкі час. А зараз прыйшоў такі час, што рэспіраторных вірусных інфекцый робіцца ўсё больш і больш. Можна зрабіць прышчэпку і праз пару дзён, яшчэ не атрымаўшы імунітэту, падхапіць той самы грып. Атрымаецца, што сэнсу ў прышчэпцы няма.