У Вярхоўнай радзе Украіны паднялі сцяг палка імя Каліноўскага
Сцяг палка Каліноўскага ў Вярхоўнай Радзе
У Вярхоўнай Радзе Украіны дэпутаты паднялі сцяг палка імя Кастуся Каліноўскага. Адпаведнае відэа апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дэпутат, сустаршыня міжфракцыйнай дэпутацкай групы "За дэмакратычную Беларусь" Ігар Гузь.
У сваім выступе з трыбуны парламентарый адзначыў, што нядаўна споўнілася два гады з часу заснавання палка. Гэта найбуйнейшае беларускае падраздзяленне ў складзе Узброеных сіл Украіны.
"І я ад імя ўкраінскага парламента, ад імя украінскага народу хачу павіншаваць кожнага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага. Хачу пажадаць не здавацца. І глыбока перакананы, што рана ці позна з гэтым сцягам мы будзем у свабодным Мінску, у свабоднай Беларусі. I разам з тым, канешне, мы памятаем пра ахвяру тых байцоў палка, якія загінулі за Украіну і Беларусь. Слава Украіне! Жыве Беларусь!" — адзначыў ён.
Палку Каліноўскага споўнілася два гады 9 сакавіка. У той дзень яго павіншавала лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская. "Дзякую вам за самаахвярнасць і захапляюся вашай рашучасцю. Бо кожны дзень на фронце – гэта сапраўднае выпрабаванне. І я ганаруся тым, з якой годнасцю вы яго праходзіце: пад кулямі, артылерыйскімі абстрэламі, у акопах, без сну і адпачынку", — казала яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.