У Вярхоўнай Радзе Украіны пракаментавалі адкліканне амбасадара з Беларусі
Вярхоўная Рада Украіны / segodnya.ua
Украіна не можа падтрымліваць дыпламатычныя адносіны з дзяржавамі, якія прызнаюць "ЛДНР". Так патлумачылі ў парламенце краіны рашэнне афіцыйнага Кіева адклікаць пасла з Беларусі.
"Для Украіны абсалютна непрымальныя якія-небудзь афіцыйныя кантакты якой-небудзь дзяржавы з падкантрольнымі Расіі тэрарыстычнымі арганізацыямі "ДНР-ЛНР". Па сутнасці, "ДНР-ЛНР" з'яўляюцца тэрарыстычнымі інструментамі і фактычнымі органамі Расіі", — заявіў кіраўнік Камітэта Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка. Яго словы прыводзіць рэсурс "Зеркало".
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком акупацыйных уладаў так званай Данецкай рэспублікі Дзянісам Пушыліным "з'яўляецца наўмыснай правакацыяй на мяжы прызнання так званых ДНР-ЛНР", падкрэсліў Мярэжка. Нагадаем, сустрэча адбылася напярэдадні ў Мінску. Лукашэнка паабяцаў Пушыліну дапамогу ў аднаўленні рэгіёну. Пасля гэтага афіцыйны Кіеў адклікаў амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый. У МЗС Украіны сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным назвалі "чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ".
На афіцыйным узроўні Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не прызнаваў так званыя"ЛДНР".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.