У Жэневе прынятая заява Украіны, ЕС, ЗША і Расіі

Украіну прадстаўляў выконваючы абавязкі кіраўніка МЗС Андрэй Дэшчыца, Расію — міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, ЕС — кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан, ЗША — дзяржсакратар Джон Керы. У выніку, была прынятая заява пра канкрэтныя крокі па дээскалацыі напружанасці ва Украіне.



На прэс-канферэнцыі Сяргей Лаўроў распавёў пра асноўныя пункты Жэнеўскай заявы. Паводле гэтага дакументу, усе бакі канфлікту ва Украіне павінны ўстрымлівацца ад любога гвалту, экстрэмізму, запалохвання. Усе незаконныя ўзброеныя фармаванні павінны быць раззброеныя, захопленыя будынкі вернутыя іх уладальнікам, усе гарады, плошчы вызваленыя. Улады Украіны абавязуюцца аб'явіць амністыю ўсім пратэстоўцам, якія здадуць зброю і вызваляць занятыя будынкі, за выключэннем тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы.



Для рэалізацыі гэтых мераў заклікаюць місію АБСЕ, адзначыў міністр замежных спраў Расіі. Лаўроў падкрэсліў, што чакаецца неадкладны пачатак "шырокага нацыянальнага дыялогу" ва Украіне. Ён мусіць "уцягнуць усе рэгіёны і ўсе палітычныя групы". Таксама мусяць быць прынятыя папраўкі ў Канстытуцыю Украіны (дэцэнтралізацыя ўлады, пашырэнне правоў рэгіёнаў, вызначэнне статуса рускай мовы). Толькі пасля гэтага, паводле слоў Лаўрова, гаворка будзе ісці "пра аднаўленне стабільнасці ў эканоміцы" Украіны.



"Дамоўленасці шмат у чым кампрамісныя", — падкрэсліў Сяргей Лаўроў. Аднак крызіс павінны ўрэгуляваць самі ўкраінцы, адзначыў ён.



Шэраг украінскіх экспертаў адзначаюць змену рыторыкі кіраўніка МЗС Расіі, але прапануюць не спяшацца з высновамі: трэба сачыць за тым, што цяпер будзе адбывацца на ўсходзе Украіны. Тым больш, што сённяшняя рыторыка Уладзіміра Пуціна па "ўкраінскім пытанні" была даволі жорсткай.

Фота — AFP, Reuters
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі