У ЗША назвалі варварствам тое, што Расія робіць са сваімі салдатамі
Украінскі вайсковец на занятай расійскай пазіцыі
Каардынатар Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі назваў варварствам тое, што Расія робіць са сваімі салдатамі. На брыфінгу ў Вашынгтоне ён заявіў, што расійскія камандзіры расстрэльваюць салдат, якія адмаўляюцца выконваць загады, а таксама пагражаюць расстрэлам цэлым падраздзяленням, калі тыя паспрабуюць адступіць пад агнём артылерыі на фронце ва Украіне.
Кірбі не стаў паглыбляцца ў падрабязнасці таго, на чым грунтуецца гэтая інфармацыя і пра якія менавіта падраздзяленні або участкі фронту ідзе гаворка, а таксама наколькі распаўсюджаная падобная практыка ў расійскай арміі. Паводле яго слоў, Расія "працягвае дэманстраваць абыякавасць да жыцця сваіх салдат" і ЗША лічаць, што колькасць ваенных страт за апошні час ідзе на тысячы, прычым "некаторыя з іх — па загадзе іх уласных лідараў", паведамляе "Голас Амерыкі".
"Расійскія вайскоўцы, падобна, выкарыстоўваюць так званую тактыку "чалавечай хвалі", проста кідаючы ў бой масы гэтых дрэнна навучаных салдат. Без належнага рыштунку, без кіраўніцтва, без рэсурсаў, без падтрымкі", — адзначыў Джон Кірбі. Гэта цалкам адпавядае таму, што ўкраінскія вайскоўцы назіраюць апошнім часам пад Аўдзееўкай. Ваенная разведка Вялікабрытаніі паведамляла, што страты там расіян павялічыліся на 90%.
Напярэдадні ЗША аб'явілі пра чарговы пакет вайсковай дапамогі Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.