УЕФА аштрафавала Беларускую федэрацыю футбола за піратэхніку ў заўзятараў
УЕФА аштрафавала Асацыяцыю "Беларуская федэрацыя футбола" на 3 тысячы еўра. Прычынай стала выкарыстанне беларускімі балельшчыкамі піратэхнікі 11 верасня падчас матча Лігі нацый у Кішынёве паміж зборнымі Беларусі і Малдовы (у гасцявым фанацкім сектары). Рашэнне пра накладанне штрафу ў чацвер прыняў дысцыплінарны орган УЕФА.
Раней Беларуская федэрацыя футбола дапускала, што на яе могуць накласці санкцыі за "палітычныя крычалкі" і піратэхніку 8 верасня падчас матча зборных Беларусі і Сан-Марына на мінскім стадыёне "Дынама". А таксама за паядынак у Кішынёве. Таму федэрацыя заклікала балельшчыкаў не дапускаць падобнага падчас бліжэйшых хатніх паядынкаў зборнай Беларусі з Люксембургам і Малдовай (яны пройдуць 12 і 15 кастрычніка) і падчас любых іншых матчаў.
Але, як даведалася тады Еўрарадыё, УЕФА не планавала санкцый з-за "палітычных крычалак" балельшчыкаў. І сапраўды, штраф вынеслі толькі за піратэхніку.