Украіна будзе прызываць у войска сваіх грамадзян, якія жывуць за мяжой
Украінскім вайскоўцам на фронце патрэбна ратацыя
Украіна будзе прызываць у войска сваіх грамадзян, якія жывуць за мяжой (а гэта сотні тысяч чалавек). Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў. Паводле яго слоў, украінцы ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў, якія жывуць у Германіі і іншых краінах, павінны будуць з'явіцца ў прызыўныя пункты Узброеных сіл Украіны.
Умераў даў зразумець, што супраць тых, хто будзе ўхіляцца ад прызыву, плануюцца санкцыі. "Мы ўсё яшчэ абмяркоўваем, што павінна адбыцца, калі яны не з'явяцца добраахвотна", — сказаў міністр абароны.
На нядаўняй прэс-канферэнцыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў, што камандаванне УСУ просіць мабілізаваць ад 450 000 да 500 000 чалавек. Яны патрэбныя для правядзення ратацыі войскаў на фронце, для стрымання расійскага наступу.
Рустэм Умераў кажа, што мабілізаваным загадзя павінны паведаміць, як іх будуць навучаць і экіпіраваць, дзе і калі яны будуць служыць і калі іх дэмабілізуюць. Але як у выніку атрымаецца, невядома.
Паводле звестак уладаў Германіі, усяго з 24 лютага 2022 года ў краіну прыбыў 221 571 украінец ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў. Цяпер з іх застаюцца 189 484 чалавекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.