Украіна перадала Польшчы каардынатара міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС
Экстрадыцыя
Украіна перадала Польшчы каардынатара міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС. Гэта грамадзянін адной з краін Паўднёвай Азіі. Ён жыў ва Украіне з пачатку 2000-х. Супрацьпраўнай дзейнасцю пачаў займацца пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Цяпер будзе адказваць за ўчыненыя "злачынствы супраць еўрапейскай бяспекі", паведамляе СБУ.
Адзначаецца, што замежнік "сваімі злачыннымі дзеяннямі ўзмацняў крызіс на мяжы краін Еўрасаюза і Беларусі". З дапамогай сваіх замежных сувязяў, мужчына арганізаваў масавую перапраўку ў ЕС выхадцаў "з краін падвышанай тэрарыстычнай рызыкі" (Непал, Бангладэш, Пакістан ды іншыя). "Маршрут бежанцаў" пралягаў праз тэрыторыю Расіі і Беларусі, а далей — нелегальна ў Польшчу.
У міжнародную злачынную групоўку ўваходзілі дзясяткі чалавек з розных краін. Яны атрымлівалі інструкцыі ад кіраўніка па маршрутах руху нелегалаў, пра варыянты перапраўкі і часовага пражывання. Для камунікацыі выкарыстоўваліся спецыяльна створаныя ананімныя чаты ў папулярных месенджарах.
Дзякуючы спецаперацыі СБУ і польскіх партнёраў у 2023 годзе на тэрыторыі ЕС частка нелегалаў была затрыманая. Пасля гэтага ў Хмяльніцкім знайшлі арганізатара канала нелегальнай міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.