Затрыманага ў Польшчы беларуса перадалі беларускім памежнікам
Беларус дапамагаў мігрантам трапіць у Германію, а палякі дапамаглі беларусу вярнуцца ў РБ
Затрыманага ў Польшчы беларуса палякі перадалі беларускім памежнікам. Як паведамляе strazgraniczna.pl, 23-гадовы грамадзянін Беларусі дапамагаў мігрантам з Афганістана з Польшчы патрапіць у Германію. Мяркуецца, што ён паспеў дапамагчы як мінімум 6 замежнікам.
Аднак 19 траўня Opel, якім кіраваў беларус, быў спынены каля польска-нямецкай мяжы. Паліцэйскія заўважылі, што з машыны выйшлі і пабеглі ў бок Германіі некалькі чалавек. Аднаго афганца затрымалі палякі, яшчэ 5 — немцы. У Польшчы яны знаходзіліся незаконна — нелегальна перайшлі мяжу з Беларусі.
Беларус прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненых ім дзеяннях. Яго пакаралі 10 месяцамі пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на два гады. Акрамя таго, у дачыненні да грамадзяніна Беларусі распачалі крымінальную справу, і ён быў дэпартаваны з тэрыторыі Польшчы. Мужчыну прывезлі на мяжу і перадалі памежнікам РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.