Украіна прапаноўвала Беларусі падпісаць пакт аб ненападзе — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі / ТАСС, архіўнае фота

Украіна прапаноўвала кіраўніцтву Беларусі падпісаць пакт аб ненападзе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады 24 студзеня.

Гаворка пра гэта зайшла, калі Лукашэнка згадаў беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. Ён называе іх баевікамі і экстрэмістамі.

"З аднаго боку, просяць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашы войскі туды не рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А з іншага боку, рыхтуюць гэтую грымучую сумесь і ўзбройваюць іх. Польшча, Літва наогул ачумелі. Навошта гэта ім трэба? Незразумела. Таму мы вымушаныя жорстка рэагаваць",цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Некалькі дзён таму падчас сустрэчы з расійскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым беларускі кіраўнік казаў, што Украіна ў час вайны яго прыемна здзівіла: "Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хоць яе актыўна падштурхоўваюць нашыя заходнія суседзі".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.