Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

У мірнай і стабільнай Беларусі Дзень Незалежнасці ўжо адсвяткавалі, а Украіна да яго толькі рыхтавалася. Якраз у гэты прамежак "міжсвяткавання" я прыехаў у Кіеў. Стала цікава: як да незалежнасці сёння ставяцца ўкраінцы — калі на ўсходзе краіны ідзе вайна, а Крым анексаваны Расіяй?

Кацярына Валецкая, валанцёрка батальёна "Айдар": Давайце, кожны пераможа сам сябе

Праходзячы па Майдане Незалежнасці, звяртаю ўвагу на жанчыну ў камуфляжы, якая развешвае сцягі Украіны і "Правага сектара" ўздоўж вуліцы Інстытуцкай. Падыходжу, знаёмлюся. Жанчына з суровым позіркам — Кацярына Валецкая, валанцёрка батальёна "Айдар". Сцягі — атрыбут і сімвал "Вялікага ўкраінскага ходу". Іх нясуць праз усю краіну і сёння на адзін дзень вывешваюць у Кіеве. Пытаюся пра яе разуменне незалежнасці.

"Мы пакуль не незалежныя, мы пакуль — нявольныя. Чулі, як у царкве кажуць: што мы рабы Божыя? А я кажу: "Не, я не раб, я — Божае дзіця, я — вольнае дзіця". Так, у нас пакуль няма незалежнасці, няма яе пакуль і ў вас, у Беларусі. Але калі разбурыўся Савецкі Саюз, мы атрымалі надзею на свабоду, на незалежнасць. Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе і ў нас, і ў вас, і ў іншых краінах, — гэта страшныя людзі. Яны хочуць аднаго — кіраваць намі, зрабіць нас рабамі. Але сонца праўды ўзышло тут, на Майдане, і яно аб'яднае ўсіх людзей. Таму мы пакуль што не незалежныя, але мы змагаемся за сваю незалежнасць. А тыя, хто кажа, што, магчыма, нам і не патрэбная тая незалежнасць, проста не ведаюць, што значыць быць свабодным чалавекам. Ведаеце, як кажуць: "Рабоў у рай не пускаюць". І я ведаю адно: перш чым змагацца з нашым Парашэнкам, вашым Лукашэнкам, іх Пуціным і кім там яшчэ — давайце кожны пераможа сам сябе. Мы павінны стаць свабоднымі, а для гэтага нам і патрэбная наша незалежнасць. Таму што пачынаць змяняць свет мы павінныя з сябе".

Алекс Пятроў, вайсковец: Напэўна, і нічога не набылі. Дваццаць тры гады змарнаваныя

Алекс Пятроў служыць у мотапяхотным батальёне. Мы з ім былі знаёмыя завочна, праз сацсеткі, але мой прыезд у Кіеў даў магчымасць "развіртуаліцца" і пагаварыць.

Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

Я нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. У свой час зусім абыякава прыняў навіну пра абвяшчэнне незалежнасці Украіны. У нас так трывала сядзела савецкае выхаванне, што сама думка пра нейкую там незалежнасць была чужая апрыёры. Ды і праз пару дзясяткаў гадоў вельмі многія ўкраінцы, і я ў тым ліку, лічылі сябе проста "людзьмі з сінім пашпартам" (колер пашпарта грамадзяніна Украіны). Вайна 2014 года змяніла нашу свядомасць. І цяпер менавіта ў гэты час ідзе зараджэнне ўкраінскай нацыі. Людзей, якія дзеля свабоды, дзеля сваёй краіны і міру на яе зямлі гатовыя на ўсё.

Мне цяжка адказаць, што мы страцілі ў выніку Незалежнасці. У тыя гады СССР дыхаў на ладан, ад велічы нічога не засталося. Так, напэўна, і нічога не набылі. Дваццаць тры гады змарнаваныя. Кожнай краіне і кожнаму народу патрэбны штуршок, каб зразумець, хто яны і чаго вартыя.

Алекс Пятроў

Аксана, служыць у паліцыі : Незалежнасць патрэбная, каб наша меркаванне паважалі, меркаванне народа!

Шпацыруючы па Храшчаціку, звяртаю ўвагу на дзвюх прыгожых дзяўчат у паліцэйскай форме. Цікавае меркаванне моладзі, якая вырасла ў незалежнай краіне і не заспела часоў СССР.

— Раскажыце, калі ласка, беларусам, што вы думаеце пра вашу незалежнасць, навошта яна вам?

"Перш за ўсё, — тут жа рэагуе дзяўчына-паліцэйская. — Каб наша меркаванне паважалі, меркаванне народа! У нас жа цяпер дэмакратычная краіна ці як? Ну вось мы і адказалі на ваша пытанне! А цяпер — у нас служба!"

Святар Андрэй Чмель: Люблю Украіну, таму я за яе ваюю. А за бязбожны СССР ніхто з яго жыхароў не хацеў рызыкаваць жыццём

Падчас аднаго са шпацыраў па горадзе знаёмлюся са святаром Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Андрэем Чмелем. Слова за слова выходзім на цікавую для мяне тэму.

"Для мяне незалежнасць Украіны — гэта магчымасць для ўкраінцаў будаваць сваю дзяржаву і грамадства, станоўча ўплываць на іншы нацыі. Мы яшчэ не заваявалі незалежнасць — вось, адстойваем яе цяпер. Незалежнасць, свабода, суб'ектнасць — гэта самакаштоўныя рэчы, яны нічога не даюць самі па сабе.

Ёсць гістарычная логіка распаду імперый. Усе імперыі хрысціянскага арэала распаліся, прычым, распаліся самі. Я люблю Украіну — таму я за яе ваюю. А за бязбожны СССР ніхто з яго жыхароў не хацеў рызыкаваць жыццём — таму ён і загінуў".

Вольга Пасечнікава, доктар Аляксандраўскай бальніцы: Украіна атрымала права быць дарослай. Што страціла? Наіўнасць і інфантыльнасць

"На пытанне, што для мяне незалежнасць краіны, складана адказваць словамі, гэта трэба адчуваць. Незалежнасць — гэта як дыхаць на поўныя грудзі, гэта свабода ў прыняцці рашэнняў пра будучыню, гэта магчымасць ставіць мэты і ісці да іх сваёй дарогай, а не па ўказцы або стрэлачцы на карце, гэта ўсведамленне самастойнасці ў рашэннях і адказнасці за свае дзеянні. Сваёй асабістай, персанальнай адказнасці. І гэтае пачуццё асалоды ад усяго вышэйпералічанага.

Што атрымала Украіна? Украіна атрымала права быць сабой, рабіць памылкі і несці за іх адказнасць, прымаць рашэнні і дасягаць сваіх мэтаў самастойна. Украіна атрымала дзяржаўнасць і Народ. Менавіта Народ, а не жыхароў тэрыторый. Украіна атрымала гонар і годнасць. Украіна атрымала права быць дарослай.

Што страціла? Гэта складанае пытанне, калі глабальна, то, напэўна, наіўнасць і інфантыльнасць. А калі канкрэтызаваць, то ў барацьбе за незалежнасць Украіна страціла і працягвае страчваць сваіх найлепшых дзяцей. Украіна страчвае старыя сувязі і путы. І гэта добра. Самае галоўнае — не страціць памяць. Неяк так…"

Юрко Друзь: Мы страцілі ілюзіі, што ўсё можа каштаваць капейкі. Гэта добра. Жывем без ружовых акуляраў

Сёння Юрко Друзь — фермер. А яшчэ год таму, калі я для Еўрарадыё рабіў з ім інтэрв'ю, ён быў байцом Узброеных сіл Украіны — доктар і "падавальнік з зямлі" артылерыйскага разліку. Даведаўшыся, што я буду ў Кіеве, засмяяўся: "Вядома, сустрэнемся! Што мне да Кіева — чатыры гадзіны на электрычцы!". Юрко і сёння такі ж непасрэдны ў выказванні сваіх думак, як і год таму, калі мы размаўлялі па тэлефоне пад добра чутныя выбухі снарадаў недзе, здавалася, зусім побач.

"Са з'яўленнем у 1991 годзе незалежнасці Украіна нічога не страціла. Трызненне пра эканоміку, сацыялку, дэмакратыю, "разам было лягчэй" — гэта трызненне людзей, якія грошы ставяць наперадзе Бога. Што Украіна знайшла? Знайшла шлях да духоўнага прасвятлення свайго народа. Доўгі, балючы, нервовы. Павінны прайсці. Вайна дапамагае. Яна — выдатны каталізатар развіцця нацыі. Гэта разумеюць чэрці пры ўладзе, таму і прытарможваюць вайну. Пакуль што сапраўдных людзей, якія заслугоўваюць незалежнасці Украіны, вельмі мала. Можа, мільён. Многія памыляюцца, лічачы незалежнасцю залежнасць ад заляжалага Еўрасаюза. Перавагі Украіны перад Беларуссю: у нас больш мовы, менш КДБ".

Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

Наогул, вайна в Украіне і для нас, і для беларускага народа ёсць экзаменам па пераацэнцы каштоўнасцяў. Бог павінен узяць у душах людзей верх над д'яблавымі грашыма.

Калі гэта адбудзецца? Няхутка. Нават сярод ну вельмі патрыятычных валанцёраў і людзей, якія заслугоўваюць мець сваю дзяржаву, сустракаецца шмат агностыкаў. Ну, ці атэістаў. Няма пераважнай большасці ў элементарна важных пытаннях. Напрыклад, мовы. Ёсць жа прыклад Беларусі! І ёсць прыклад краін Балтыі.

З развалам д'ябальскага Савецкага Саюза мы страцілі ілюзіі, што ўсё можа каштаваць капейкі. Гэта добра. Жывем без ружовых акуляраў.

Юрко Друзь

Яўгенія Вірліч — літаратурны менеджар: "Незалежнасць — гэта і рызыка"

У чаканні сустрэчы з украінскім калегам-журналістам заходжу ў кнігарню: хутка вяртацца ў Мінск, было б нядрэнна купіць што-небудзь пачытаць у дарогу. Але што? Ля стэнда з навінкамі ўкраінскай літаратуры стаіць жанчына і праглядае выстаўленыя на паліцах кнігі з выглядам знаўцы. Пачынаем размову з сучасных украінскіх аўтараў, а заканчваем незалежнасцю.

Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

З незалежнасцю Украіна атрымала шмат магчымасцяў — гэта галоўнае, а страціла... груз татальнага пераследу. Толькі гэтымі магчымасцямі трэба правільна скарыстацца, а савецкая ўлада навучыла многіх чакаць "моцнай рукі", а не імкнуцца да нечага самастойна. Жыхары Савецкага Саюза прывыклі да ўяўнай стабільнасці — для шматлікіх яна аказалася даражэйшай, чым магчымасці, якія дорыць незалежнасць. Незалежнасць — гэта і рызыка: рызыка застацца без грошай, рызыка не атрымаць чаканага, аднак і поўная свабода дзеянняў, свабода выбару, магчымасць пачынаць спачатку і дамагацца большага.

Яўгенія Вірліч

"Для мяне незалежнасць Украіны — гэта выдатная магчымасць быць самой сабой, свабоднай ад стэрэатыпаў, любіць сваю краіну і працаваць на яе карысць. Не ведаю, была б вайна ў залежнай Украіне ці не. Гэтая вайна, як на мяне, — вынік дамінавання "саўковага" мыслення над мысленнем прагрэсіўным. Як у Святланы Алексіевіч — дамінаванне "чырвонага чалавека". Вайна і акупацыя пачаліся менавіта з савецкіх лозунгаў і спробы вярнуць так званыя савецкія "каштоўнасці". Яна скончыцца тады, калі мы адчуем сябе свабоднымі, а не проста будзем святкаваць Дзень Незалежнасці".

Фота з архіваў Алекса Пятрова, Андрэя Чмеля, Юрко Друзя, Яўгеніі Вірліч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі