Украінскія байцы высаджваліся на беразе Крыма
Байцы ГУР Украіны / Ілюстрацыйнае фота t.me/DIUkraine/
Украінскія байцы высаджваліся на беразе Крыма. Пра гэта ў чацвер паведамілі тг-каналы расійскіх "ваенкараў". Пазней факт высадкі пацвердзіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў. Паводле яго слоў, высадка адбылася "ў рамках спецаперацыі". Яе правяло ГУР ва ўзаемадзеянні з ваенна-марскім флотам. Юсаў кажа, што мэты былі дасягнуты, але дэталі не раскрывае.
Атрымліваецца, што гэта была не толькі дэманстрацыйная акцыя. У расійскіх акупантаў ёсць страты ў людзях і тэхніцы. Украінскія байцы без страт вярнуліся на базу.
Высадка ўкраінскіх вайскоўцаў адбылася а 5-й гадзіны раніцы ў чацвер каля населенага пункту Маяк на мысе Тарханкут у Крыме. Там былі чутныя выбухі. Расіяне сцвярджаюць, што ў двух катэрах было 10 дыверсантаў. Яны стралялі з гранатамёта.
Напярэдадні Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны паказала, як знішчыла ў Крыме на тым жа на мысе Тарханкут расійскі зенітны ракетны комплекс С-400 "Трыумф".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.