УСУ заяўляюць пра кантроль над 74 населенымі пунктамі ў Курскай вобласці
Аляксандр Сырскі
Па стане на 13 жніўня Узброеныя Сілы Украіны кантралююць 74 населеныя пункты Курскай вобласці Расіі. Пра гэта галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў у дакладзе прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.
За мінулыя суткі, паводле яго, УСУ прасунуліся на асобных кірунках ад 1 да 3 кіламетраў і ўзялі пад свой кантроль яшчэ 40 квадратных кіламетраў тэрыторыі Курскай вобласці.
"Баі ідуць па ўсёй лініі фронту. Нягледзячы на высокую інтэнсіўнасць баявых дзеянняў сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, працягваем вядзенне аперацыі", — цытуе hromadske.ua словы Сырскага.
Напярэдадні Сырскі казаў, што УСУ кантралююць тэрыторыю праціўніка на плошчы каля 1000 квадратных кіламетраў.
Украінскі прэзідэнт Зяленскі адзначыў, што ў гэтых 74 населеных пунктах Курскай вобласці праводзяцца праверкі і стабілізацыйныя мерапрыемствы. Таксама працягваецца распрацоўка гуманітарных рашэнняў для гэтых тэрыторый.
Тым часам расіяне пачалі эвакуацыю насельніцтва ўжо ў чацвёртым раёне Курскай вобласці — Вялікасалдацкім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.