Беларусы сталі ў 2 разы часцей бываць у Тайландзе
Тайланд
Турыстычны паток у Тайланд у 2024 годзе падвоіўся. Гэты кірунак для адпачынку выбралі больш за 20 тысяч беларусаў і беларусак, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі ў сваіх сацсетках.
"Сёлета з Беларусі ў Тайланд адправіліся 20 654 турысты. Для параўнання, у 2023 годзе іх было ўсяго 9008", — кажуць у Турыстычным упраўленні Тайланда.
Верагодна, гэты ўсплёск папулярнасці звязаны са спрашчэннем візавага рэжыму. Гэтым летам тайскія ўлады дазволілі афармляць візу ўжо па прылёце ў аэрапорт. Праграма "віза па прыбыцці" закранула ўладальнікаў пашпартоў 30 краін, сярод якіх апынуліся і беларусы. Каб атрымаць візу, турысту трэба падаць запоўненую анкету, фатаграфію, бронь гатэля і адваротнага білета. А яшчэ наяўнасць дастатковага для адпачынку грошай. Сума невялікая — крыху больш за 280 еўра.
Значна адрозніваецца сітуацыя з атрыманнем Шэнгенскай візы. Беларусы вымушаныя месяцамі чакаць магчымасці падаць свае дакументы, пры гэтым пажадана мець магчымасць пацвердзіць наяўнасць на рахунку некалькіх тысяч еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.