Украінскія вайскоўцы збілі над Чорным морам расійскі знішчальнік Су-30СМ

СУ-30СМ, ілюстрацыйнае фота

СУ-30СМ, ілюстрацыйнае фота / Alex Beltyukov, russianplanes.net

Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны публікуе кадры знішчэння ў паветры расійскага шматмэтавага знішчальніка Су-30СМ. Машына была знішчаная над акваторыяй Чорнага мора. У яе патрапілі з пераноснага зенітна-ракетнага комплексу, сцвярджаюць у ГУР. 

Там таксама адзначылі, што "знішчальнік, які ўпаў у мора, належаў да складу 43-га асобнага марскога авіяцыйнага палка ВКС РФ, які размешчаны на аэрадроме горада Сакі ў часова акупаваным Крыме". Паводле звестак украінскіх разведчыкаў, сувязь з самалётам была страчаная блізу 5 гадзін раніцы 11 верасня. Расіяне арганізавалі пошукава-выратавальную аперацыю з прыцягненнем самалёта Ан-26, а таксама верталётаў Мі-8 і Ка-27. У раёне абеду "захопнікі далажылі камандаванню аб выяўленай у моры ... характэрнай пляме ад авіяцыйнага гаручага, а неўзабаве ўбачылі і абломкі знішчанага Су-30СМ", кажуць у ГУР. 

У Генштабе УСУ Украіны пацвердзілі знішчэнне самалета. У зводцы аб расійскіх стратах па стане на 12 верасня гаворыцца, што з пачатку поўнамаштабнай вайны праціўнік страціў 369 самалётаў, у тым ліку за апошнія суткі (+1). Расійскія медыа пакуль не паведамлялі пра страчаны знішчальнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі