Улада вырашыла не рызыкаваць з правядзеннем рэферэндуму ў 2021 — Ляшчэня

Участак для галасавання / spring96.org
Участак для галасавання / spring96.org

Канстытуцыйнага рэферэндуму ў 2021 годзе хутчэй за ўсё не будзе, выказаў здагадку былы амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня пасля каментара міністра фінансаў краіны Юрыя Селіверстава.

Закладзеныя ў бюджэтны артыкул выдаткаў "забеспячэнне правядзення выбараў і рэферэндумаў" 13,56 мільёна рублёў пойдуць на падрыхтоўку выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў, сказаў Селіверстваў у інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА. Мясцовыя выбары павінныя прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года. Дакладнай даты яшчэ няма, гэта значыць яны могуць адбыцца і ў канцы 2021-га. "У любым выпадку перад выбарамі ажыццяўляюцца нейкія папярэднія мерапрыемствы, ідзе падрыхтоўка. Сродкі неабходныя", — растлумачыў Селіверстаў.

"Улада вырашыла не рызыкаваць з правядзеннем рэферэндуму ў 2021 годзе", — робіць з гэтага выснову Ігар Ляшчэня.

Паводле яго слоў, дзейнай уладзе "боязна разварушыць народны "мурашнік" рэферэндумам". Але правядзенне канстытуцыйнай рэформы без рэферэндуму немагчымае. Па законе раздзел ІV Канстытуцыі, у якім прапісаныя паўнамоцтвы прэзідэнта, парламента і ўрада, можа быць зменены толькі на рэферэндуме. 

"Ну, ухваліць нешта ў лютым Усебеларускі народны сход. А далей што?" — задаецца пытаннем былы амбасадар.

Ляшчэня выказаў здагадку, што "ў Палацы Незалежнасці паверылі-такі ў сваю перамогу над пратэстам і вырашылі вытанчана расцягнуць канстытуцыйную рэформу на пяцігодку. Якраз да наступных планавых выбараў прэзідэнта". Але такое развіццё падзей, на яго думку, наўрад ці ўзрадуе партнёраў Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве.

Расійскія чыноўнікі неаднаразова выказваліся за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі. У верасні прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў казаў, што прэзідэнт Расіі падтрымлівае жаданне Лукашэнкі правесці ў краіне канстытуцыйную рэформу. І сам Пуцін неаднаразова выказваўся на гэтую тэму, у тым ліку на мінулым тыдні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі