Уладзімір Мацкевіч: Галоўная небяспека для Лукашэнкі — яго сілавікі

Еўрарадыё: Некалькі дзён пасля адстаўкі Вадзіма Зайцава прайшлі ў чаканні таго, хто будзе прызначаны старшынём КДБ. Цяпер ведаем — гэта Валерый Вакульчык, ужо былы кіраўнік Следчага Камітэту. Як лічыце, чаму выбар Лукашэнкі спыніўся акурат на персоне Валерыя Вакульчыка?


Уладзімір Мацкевіч: Калі паглядзець на біяграфію Валерыя Вакульчыка, то бачная яго паступовая кадэбэшная кар’ера: ён апынуўся з ваеннай выведкі ў КДБ пры самым канцы Савецкага Саюза, скончыў школу контрвыведкі яшчэ пры Саюзе, працаваць у КДБ там стаў ужо ў незалежнай Беларусі. Таму, хутчэй, выпадкова ён апынуўся ў Следчым Камітэце. Калі разважаць над тым: чаму прызначылі? Трэба памятаць апошнія 2 гады, калі пасля гвалтоўнай сітуацыі 19 снежня 2010 года сілавікі, КДБ і МУС, зрабіліся галоўнымі дарадцамі Лукашэнкі і ўзялі ўладу ў краіне, выштурхнулі Макея і Мартынава, як папярэдніх дарадцаў, на другі план. І функцыі, якія рэалізоўваюць цяперашнія сілавікі, маю на ўвазе дарадчыя, ідэлагічныя і нават палітычныя функцыі, не супадаюць з той, якая патрэбная цяпер. У 2011 годзе, пасля выбараў, было ўведзена амаль ваеннае становішча ў краіне, цяпер, магчыма, вырашылі адпусціць лейцы. Спатрэбіліся і кадравыя змены.

Еўрарадыё: А не падаецца вам дзіўным, што кадравыя змены робяцца зноў жа пасля выбараў?


Уладзімір Мацкевіч: Я думаю, што ні ўлада, ні апазіцыя не надавалі выбарам вялікай вагі. Цяпер небяспекі рэвалюцыі няма, значыцца, можна заняцца ўмацаваннем сілавікоў.

Еўрарадыё: Следчы Камітэт яшчэ не пастаўлены на ногі, да канца не ўкамплектаваны, нават разбудаваная структура яшчэ не працуе беззагана, а ўжо такія перамяшчэнні. Да ўсяго дадаецца рэформа ў МУС. Што адбываецца з сілавымі структурамі Беларусі?


Уладзімір Мацкевіч: На маю думку, у нас занадта сілавых структур, у нас зашмат органаў, якія вядуць следства. Узнікае пытанне: “Навошта?” Нават Лукашэнку зразумела, што разгалінаванне сілавікоў, якія падрыхтаваныя амаль да грамадзянскай вайны са сваім народам, яно недарэчнае. Я ў скарачэнне ці спрашчэнне сілавых структур не веру, бо калі структура аднойчы створаная, яна ўжо будзе мець тэндэнцыю да пашырэння. Таму трэба ці то радыкальна вырашаць, ці будуць пастаянныя ваганні. Галоўная каштоўнасць для Лукашэнкі — гэта захаванне ўлады. Галоўную небяспеку для яго прадстаўляюць акурат набліжаныя сілавікі. Таму час ад час трэба іх чысціць. Каб людзі, якія ўзначальваюць гэтыя структуру не атрымалі зашмат моцы. Таму іх часта перамяшчаюць па розных пасадах. Нават такі блізкі і адданы чалавек як Шэйман, быў адпраўлены ў адстаўку. Таму трэба памятаць, што кожны дыктатар баіцца не толькі свайго народа, але і бліжэйшага атачэння. А для любога дыктатара атачэнне — гэта яго сілавыя структуры.

Еўрарадыё: Ці не звязваеце прызначэнне Валерыя Вакульчыка з тым, што ён з кола Віктара Лукашэнкі?


Уладзімір Мацкевіч: Такія пасады даюцца не за прафесіяналізм, а за адданасць сям’і. Але і сённяшні прызначэнец, як толькі ўзмацніцца, будзе з часам перанакіраваны на іншую пасаду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі