Уладзіміра Япрынцава аштрафавалі і вызвалілі ў зале суда
Суд Цэнтральнага раёна Мінска агучыў прысуд па гучнай "справе Япрынцавых". Вядомага бізнэсоўца Уладзіміра Япрынцава аштрафавалі на 10 500 "новых" рублёў, або каля 5,4 тысячы долараў (500 базавых велічыняў) і вызвалілі ў зале суда.
Яго сына Казбека і Аляксандра Арабяна, партнёра Япрынцава-малодшага, асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У прыватнасці, у Казбека Япрынцава канфіскавалі акцыі кампаніі "Прастор Трэйд".
Суд прызнаў Япрынцава-малодшага і Арабяна вінаватымі ў махлярстве: яны заключалі кантракты на пастаўку нафты, не маючы намеру іх выконваць. Атрыманыя грошы яны выкарыстоўвалі па сваім меркаванні. Самі падсудныя сваёй віны не прызналі. Па іх словах, пацярпелыя давалі ім грошы ў якасці пазыкі, а кантракты былі заведамай фікцыяй.
Першапачаткова Уладзіміра Япрынцава таксама абвінавачвалі ў махлярстве. Аднак падчас працэсу пракурор змяніў абвінавачванне на ўкрывальніцтва злачынства.
Прысуд не набыў законную моц. Абвінавачаныя маюць намер яго абскардзіць.