Унучка Рыгора Барадуліна: Ніхто ні ў каго са сваякоў прабачэння не прасіў

Унучка Рыгора Барадуліна: Ніхто ні ў каго са сваякоў прабачэння не прасіў

Рыэлтар і пазаштатны выкладчык БДУ Аляксандр Гарашчэня, які на сваёй старонцы ў Facebook назваў Рыгора Барадулінанацысцкай сволаччу”, папрасіў прабачэння ў сваякоў народнага паэта.

"Прыношу свае прабачэнні блізкім паэта. Мае словы выглядалі ганебна..." — скупа напісаў ён у сацсетках, пры гэтым адзначыўшы, што яго словы не тычацца тых, "хто тэлефанаваў з пагрозамі".

У размове з “Камсамольскай праўдай” рыэлтар патлумачыў, што папрасіў прабачэння не з-за шуміхі і не з-за пагроз, якія яму масава прыходзяць, а таму, што яму сапраўды няёмка.

“Мне сваякі тэлефанавалі, з імі мы пагаварылі па-чалавечы, яны знайшлі мае выбачэнні вычарпальнымі”, — дадаў Аляксандр.

Але сваякоў у дзядзькі Рыгора засталося толькі трое — жонка, дачка і ўнучка. Ніхто з іх пра прабачэнні нічога не ведае.

“Я дакладна ні з кім не звязвалася і са мной ніхто не звязваўся, — здзіўляецца ўнучка Рыгора Барадуліна Дамініка, якой было прысвечана нямала твораў народнага паэта. — Мая бабуля не сядзіць у інтэрнэце і, відаць, каб не турбаваць яе ў такім узросце, ёй ніхто нічога не казаў. Таму ёй я толькі сёння расказала пра гэта ўсё. А дачка Рыгора Барадуліна цяпер знаходзіцца за мяжой, адпаведна, з ёй таксама ніхто не звязваўся”.

Дамініка дадала, што гатовая бараніць памяць дзядулі. На гэты конт дзяўчына ўжо размаўляла са стваральнікам курсаў “Мова Нанова” і грамадскім актывістам Глебам Лабадзенкам, які адразу заявіў, што звернецца ў пракуратуру, каб там далі прававую ацэнку выказванням Гарашчэні.

“Я ўжо ўсё падрыхтаваў, — кажа Глеб. — Яшчэ ўчора запакаваў у канверт, але не паспеў занесці, бо спазняўся на курсы. Але сёння дакладна адпраўлю. Буду дасылаць заказным лістом”.

Цяпер Глеб Лабадзенка шукае юрыста, які дапаможа сям’і Рыгора Барадуліна скласці юрыдычна правільны зварот у кампетэнтныя органы для абароны гонару і годнасці памяці народнага паэта.

Тым часам старонку ў Facebook Аляксандра Гарашчэні заблакавалі. Рыэлтар-выкладчык не разгубіўся і працягнуў пісаць зневажальныя пасты ва “Укантакце”. Толькі цяпер ён выказваецца не пра Рыгора Барадуліна, а ўсіх тых, хто стаў на абарону пісьменніка:

"...прабачэнні ў папярэднім запісе адрасаваліся сваякам чалавека, якога я памылкова далучыў да вашай нацысцкай тусоўкі, — падагравае скандал Аляксандр. — У вас я не прасіў прабачэння, так што расслабце булкі. Сустрэцца са мной — калі я адчайна камусьці не падабаюся, нескладана — месца працы вядомае, тэлефон вядомы, так што міласці просім, што да пракуратуры, суда і РАУС, калі тут і праўда ёсць тыя, хто лічыць, што я павінен перад законам адказаць, дык я адкажу, падавайце, не саромейцеся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі