Урад Германіі рыхтуецца да магчымага нападу Расіі — Bild

Бундэстаг

Бундэстаг / pixabay.com

Урад Германіі распрацаваў для Бундэстага аналітычны даклад, які апісвае пагрозы, што вядуць да пачатку вайны, і магчымыя наступствы. У дакуменце 13 старонак, і ён аказаўся ў распараджэнні Bild.

Фактычна гаворка ідзе пра сцэнар вайны Расіі супраць NATO і Германіі. Вылучаюць чатыры этапы развіцця сітуацыі. На першым этапе разгортваецца кампаніі па дэзінфармацыі ў СМІ і сацсетках. Яе мэта — дэстабілізаваць сітуацыю ў грамадстве і падарваць давер да дэмакратыі. Адначасова з гэтым могуць пачацца хакерскія атакі і акцыі сабатажу на аб'ектах крытычнай інфраструктуры.

На другім этапе пачнецца сцягванне войскаў да межаў з NATO. У адказ Альянс адправіць дадатковыя войскі на Усход. Павялічыцца колькасць хакерскіх нападаў, актаў сабатажу і выбухаў у заходніх краінах. Будуць выводзіцца са строю спадарожнікі. У Германіі могуць адбыцца атакі на вадаправоды, хімічныя прадпрыемствы, атамныя рэактары. На наступных этапах магчымае прымяненне канвенцыйнай і неканвенцыйнай зброі на тэрыторыі ФРГ. Знішчэнне спадарожнікаў. Нарэшце на заключнай фазе магчымы перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Германіі і вайна ў космасе.

"Роля Беларусі ў гэтым сцэнары не прапісаная, але ўяўляецца даволі відавочнай: афіцыйны Мінск можа быць выкарыстаны для акцый на першым этапе, а на другім этапе менавіта ў Беларусь будуць сцягнутыя расійскія войскі", — адзначае палітолаг Аляксандр Фрыдман. На наступных этапах краіна акажацца ўжо ў эпіцэнтры баявых дзеянняў.  

Паводле апытанняў, большасць жыхароў ФРГ (61%) асцерагаецца, што вайна, якую пачала Расія, можа перакінуцца на тэрыторыю дзяржаў NATO. Толькі 31% рэспандэнтаў выказаў меркаванне, што гэтага не адбудзецца ці хутчэй не адбудзецца. Гэта вынікі даследавання, якое ладзілася ў канцы лютага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі