Створаны Беларускі пашпартны цэнтр — яго ўзначаліў літовец Марыюс Гудзелайціс
Марыюс Гудзелайціс
На Канферэнцыі Новая Беларусь Святлана Ціханоўская абвясціла пра стварэнне Беларускага пашпартнага цэнтра і прадставіла яго дырэктара. За тэхнічны бок выпуску Пашпарта Новай Беларусі цяпер адказвае літовец Марыюс Гудзелайціс.
Першае, што можна знайсці пра новага дырэктара Беларускага пашпартнага цэнтра — Гудзелайціс любіць гатаваць мяса на грылі і займаецца гэтым ужо больш за 20 гадоў. Еўрарадыё атрымала эксклюзіўную магчымасць задаць яму некалькі пытанняў.
Еўрарадыё: Раскажыце пра ваш бэкграўнд. Адкуль вы прыйшлі на гэтую пасаду?
— Я доўгі час працаваў у літоўскіх дзяржаўных службах і органах, якія патрабуюць высокага ўзроўню адказнасці і бяспекі. Потым удала займаўся некалькімі камерцыйнымі і некамерцыйнымі праектамі. Цяпер прыняў новы выклік для сябе — па працы над гэтым праектам. Вельмі хачу дапамагчы беларускаму народу.
Еўрарадыё: Як вывесці праект Пашпарта Новай Беларусі з крызісу?
— Праект адчуваў некаторыя складанасці, але цяпер мы аднавілі працу... Маштабна аднавілі. Праца працягваецца, праект развіваецца. Пашпарт будзе!
Еўрарадыё: Ці можна казаць пра нейкія тэрміны?
— Я не хацеў бы казаць пра тэрміны. Ужо гучала шмат абяцанняў да мяне... Калі будуць добрыя навіны — мы адразу аб'явім.
Еўрарадыё: Паўгода, год? Вечнасць?
— Вечнасць — вядома, не. Мы старанна працуем, каб паскорыць выпуск дакумента.
Еўрарадыё: У якім стане зараз знаходзіцца пашпарт? Ужо можна яго патрымаць у руках?
— Макет ужо зацверджаны. Каманда актыўна працуе над падрыхтоўкай сэмплаў.
Еўрарадыё: Макет — гэта пашпарт звыклага нам памеру?
— Макет — гэта кампутарная мадэль. Фізічнага экзэмпляра пашпарта пакуль яшчэ няма.
Еўрарадыё: Як справы з прызнаннем Пашпарта Новай Беларусі?
— Гэта палітычная задача, а я адказваю за тэхнічную частку праекта. Але хачу сказаць, што гэта важны праект, і нам патрэбная падтрымка саміх беларусаў. Толькі калі беларусы будуць верыць у гэты праект — у яго павераць і замежнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.