Урад прагназуе ў 2018 годзе рост ВУП — на 3,4%
У аўторак, 29 жніўня, Саўмін Беларусі ўхваліў праекты асноўных эканамічных дакументаў на наступны год, якія рыхтаваліся з вясны. Да 1 верасня іх атрымае Аляксандр Лукашэнка. Як інфармуе БЕЛТА, за аснову прагнозных дакументаў узялі два сцэнары развіцця эканомікі (у залежнасці ад розных унутраных і знешніх фактараў) — кансерватыўны і мэтавы. Па мэтавым сцэнары прагназуецца рост ВУП на 3,4%.
Тэлеканал “Беларусь 1” інфармуе, што прадукцыйнасць працы мусіць вырасці на 3%, экспарт — на 6%. Урад збіраецца прыцягнуць інвестыцый на 1,5 млрд долараў. Стаўка рэфінансавання мусіць быць не большая за 10%, а сярэднегадавая інфляцыя — ніжэйшая за 7,5%. Мяркуецца, што даходы жыхароў Беларусі могуць вырасці больш чым на 3%. У наступным годзе плануецца пабудаваць не менш за 3,5 млн квадратных метраў жылля.